Лекарку, якая заразілася каронавірусам ад пацыента, пакінулі без лекаў



Хворыя на CAVID-19 па пастанове Савета міністраў № 344 ад 15 чэрвеня 2020 павінны быць забяспечаны бясплатнымі лекамі і лячэбным харчаваннем, калі знаходзяцца на лячэнні дома.

Але медработнік Таццяна з Баранавіч, якая заразілася ад пацыента каронавірусам, не змагла атрымаць бясплатныя лекі, хаця ёй быў выпісаны ільготны рэцэпт. Не кажучы пра харчаванне:

– Пра харчаванне я ўжо маўчу, хаця б, каб нейкія лекі. На сённяшні дзень усё гэта вельмі дорага, гэта беларускія лекі, якія мне выпісалі. Муж паехаў па аптэках, яму адмовілі.  

Як патлумачыла правізар-інфарматар цэнтральнай аптэкі Баранавіч Святлана Мязіна, лекар, якая выпісала Таццяна рэцэпт, не зразумела пастановы:

– Пра рэцэпты нічога не сказана. Рэцэпты пішуцца, а людзі забяспечваюцца праз паліклінікі.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

У пастанове чорным па беламу напісана: у перачэнь захворванняў, які дае права грамадзянам на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, што выдаюцца па рацэптах урачоў у межах перачня асноўных лекавых сродкаў пры амбулаторным лячэнні, а таксама лячэбным харчаваннем уключана “Інфекцыя, выкліканая каронавірусам COVID-19”. Але лекі і харчаванне павінны закупляцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэта. Можа, таму такая неразбярыха ў тым, як павінна выконвацца пастанова?

Звязацца з кіраўніком Баранавіцкай раённай управы аховы здароўя Васілём Раманоўскім, каб расставіць усе кропкі над “і”, нам не ўдалося. Пакуль мы высвятлялі, як павінна працаваць пастанова, Таццяна аказалася ў бальніцы, стан яе значна пагоршыўся.

Беларускае Радыё Рацыя