У Гародні забракавалі подпісы Цапкалы і Дзмітрыева



На пасяджэнні Ленінскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта ў Гародні забракавалі сабраныя подпісы ініцыятыўных групаў Валерыя Цапкалы і Андрэя Дзмітрыева. Пасяджэнне прайшло а 18-й гадзіне. Па выніках сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў камісія прагаласавала адзінагалосна.

Кажа назіральнік з кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў:

– Па звестках пададзеных Ленінскай раённай камісіяй у горадзе Гародні, у двух прэтэндэнтаў аказалася больш за 15% бракаваных подпісаў, на іх думку, гэта Валерый Цапкала і Андрэй Дзмітрыеў. У Андрэя Дзмітрыева там увогуле 57% несапраўдных подпісаў нібыта знайшлі. Усе гэты подпісы па Ленінскаму раёну скасаваныя –  гэта ажно 6527 подпісаў здадзеных за Цапкалу і 208 подпісаў за Дзмітрыева.

Подпісы за астатніх прэтэндэнтаў, па Ленінскаму раёну Гародні, былі ўлічаны. За Аляксандра Лукашэнку прызнана 32584 подпісы, за Віктара Бабарыку – 4670, за Святлану Ціханоўскую – 2420, за Сяргея Чэрачня – 4890, за Ганну Канапацкую – 208 подпісаў. Дарэчы, пасля праверкі подпісаў апошняй, несапраўдных не выяўлена.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота grodnonews.by