Подпісы за Бабарыку ў Віцебску правяралі графолагі
Паводле вынікаў праверкі сапраўднасці сабраных подпісаў, выбарчая камісія Кастрычніцкага раёна прызнала несапраўднымі ўсе подпісы (1221 подпіс) у падтрымку Валерыя Цапкалы. Але подпісы за Віктара Бабарыку прынялі: несапраўднымі выявілі толькі 0, 52% подпісаў. Для параўнання: з подпісаў, сабраных за Аляксандра Лукашэнку, “няякаснымі “ прызналі ўсяго 0,03% , і гэта самы меншы паказнік з усіх прэтэндэнтаў.
Выбарчая камісія Кастрычніцкага раёна агучыла вынікі праверкі першай. Астатнія дзве камісіі правялі пасяджэнні пазней і абвясцілі несапраўднымі ўсе подпісы, сабраныя за Віктара Бабарыку.
Прычым выбарчая камісія Першамайскага раёна вызначыла, што несапраўднымі з’яўляюцца больш як 15% подпісаў, сабраных і за Віктара Бабарыку, і з Валерыя Цапкалу.
У выбарчай камісіі Чыгуначнага раёну ўвогуле не знайшлі несапраўдных подпісаў сярод сабраных за Андрэя Дзмітрыева, Валерыя Цапкалу і Сяргея Чэрачня (здадзена 322 подпісы) . Каб праверыць сапраўднасць подпісаў у падтрымку Віктара Бабарыкі, камісія (адзінaя з усіх трох) запрасіла да супрацы экспертаў-графолагаў. Такія захады прымаліся толькі ў дачыненні да гэтага прэтэндэнта. Паводле вынікаў дзвюх праверак з удзелам адмыслоўцаў, было выяўлена 15,3% несапраўдных подпісаў. Для таго, каб подпісы былі залічаныя, колькасць “забракаваных” не мусіць перавышаць 15%.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск