Пра новую суперідэю мінадукацыі



Да чаго можа рыхтавацца нармальнае Міністэрства адукацыі? Да новай хвалі пандэміі, да таго, як пачаць новы навучальны год у цяперашніх варунках, як наладзіць дыстанцыйнае навучанне, да таго, што рабіць, каб нарэшце беларуская адукацыя стала адукацыяй, а не прафанацыяй. Але не, беларускае Міністэрства адукацыі думае пра чарговы юбілей ЛКСМБ. Пачнем з таго, што сучаснаму чалавеку ўвогуле складана зразумець, што такое ЛКСМБ, чым яно адрозніваецца да ВЛКСМ і ўвогуле навошта нам усё гэта трэба.

Фотаздымак удзельнікаў пасяджэння Аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання 100-годдзя ЛКСМБ у Міністэрстве адукацыі размясціў у сябе на старонцы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павал Сапоцька. На што адразу атрымаў камент: “Падмігніце, калі вас прымушаюць удзельнічаць у гэтых схадняках, і пісаць падобныя пасты!”

100-годдзе ЛКСМБ – гэта акурат тое важнае мерапрыемства, якое трэба адзначаць і склікаць аргкамітэт. Беларусы проста вымруць, калі не зладзяць нейкія святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды. Ды для многіх што ВЛКСМ, што ЛКСМБ – гэта набор літар, як пароль для электроннай скрыні. А тут цэлае Міністэрства збірае аргкамітэт для святкавання 100-годдзя структуры, якой няма ўжо даўно ў жывых. Карацей, вельмі своечасовае мерапрыемства атрымаецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ