Віцебск: два штрафы з другой спробы



У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбіралі адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць Юліі Барсуковай і Алега Баразны.

Суддзя Ілля Белавус пакараў абодвух, хаця і з другой спробы: пратаколы, складзеныя на адміністратарку тэлегарм-канала “Витебск для жизни” і на валанцёра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай суд адпраўляў у міліцыю на дапрацоўку. У адміністрацыйнай справе Алега Баразны з’явілася новая фармулёўка абвінавачання паводле падзеяў 19-га чэрвеня. Згодна з новым пратаколам, ён “стаяў, расцягнуўшыся ў ланцуг”, чым нібыта парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Алег Баразна абураецца абсалютна бяздоказным прысудам:

– Той факт, што мы нават у ланцугу пастаяць не можам, канешне, дзікі сам па сабе. Але ж гэта трэба хаця б даказаць! Трэба знайсці нейкую доказную базу, папрацаваць трэба… А не так, што судзіць усіх па загадзе! А яны выбралі прозвішчы, што гэтых і гэтых трэба асудзіць. Пратакол тройчы перараблялі, і нічога – доказаў аніякіх не было!

Алега Баразну пакаралі штрафам памерам 45 базавых велічынь. Агульная сума ягоных штрафаў цяпер складае 135 базавых велічынь- гэта 3645 рублёў, як вынік чатырох судоў цягам гэтай выбарчай кампаніі.

Прычым сумы штрафаў, якія прысуджае Ілля Белавус, абсалютна непрадказальныя, кажа адміністратарка тэлегарм-канала “Витебск для жизни” Юлія Барсукова:

-У пратаколе было напісана, што я хлопаю дужа інтэнсіўна, калі побач праходзяць міліцыянты і папярэджваюць пра несанкцыянаваны мітынг. Але на відэафайлах – мы паглядзелі іх 8 або 9 – таго, што я хлопаю, не было ўвогуле. Але гэта не спыніла суддзю прысудзіць мне 38 базавых.

Падтрымаць актывістаў у судзе штораз прыходзяць каля 20-ці чалавек, хаця судовыя працэсы ў Віцебску праходзяць практычна кожны дзень. Заўтра за ўдзел у ланцугу салідарнасці са зняволенымі Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам, які прайшоў 19-га чэрвеня, у апошні дзень збору подпісаў, будуць судзіць Таццяну Севярынец і Аляксея Саламаненку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск