Вясковец, які піша падручнікі для школ Беларусі, адзначае юбілей
Нядаўняму настаўніку гісторыі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Васілю Ракуцю 30 чэрвеня спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння. Але гэта не проста былы вясковы настаўнік, якога паважаюць былыя педагогі, вучні і іх бацькі, аднавяскоўцы, але і чалавек, які апантана любіць сваю Беларусь, выдатна ведае яе гісторыю, методыку выкладання гісторыі Беларусі ў школе і педагогіку наогул, а таксама займаецца краязнаўствам.
Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, Васіль Уладзіміравіч піша падручнікі і дапаможнікі па гісторыі Беларусі. Па іх сёння вучацца дзеці нашай рэспублікі.
РР: Шаноўны Васіль Уладзіміравіч, дазвольце павіншаваць Вас з юбілеем і пажадаць Вам здароўя, шчасця, добрага настрою і плёну. З якімі творчымі здабыткамі Вы сустрэлі сваё 75-годдзе?
– Я напісаў і выдаў каля 30 кніг па гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Гэта пераважна падручнікі, метадычныя дапаможнікі і дадатковая літаратура па гісторыі Беларусі для настаўнікаў і вучняў, выданні па гісторыі вёскі Новадзявяткавічы. Пачынаючы з 1994 года шмат гадоў працаваў у складзе аўтарскіх калектываў і напісаў разам з сааўтарамі 10 школьных падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Як бачыце, зроблена нямала.
РР: Які са школьных падручнікаў ці навучальных дапаможнікаў, над якімі працавалі, на Вашу думку, з’яўляецца найбольш удалым?
– Прабачце, але мне неяк не вельмі сціпла даваць такую самаацэнку. Таму хочацца спаслацца на меркаванне спецыялістаў. Некалі псіхолагі і педагогі рэспублікі далі экспертную ацэнку навучальнага дапаможніка па гісторыі Беларусі ў Сярэднія вякі, над якім мне прыйшлося працаваць разам з доктарам гістарычных навук, прафесарам Георгіем Штыхавым. Вынікі перавысілі нашы чаканні: спецыялісты далі выключна высокую ацэнку зместу навучальнага дапаможніка. Невыпадкова ён з 1996 года выдаваўся шмат разоў агульным накладам 530 тысяч асобнікаў.
РР: Васіль Уладзіміравіч, я ведаю, што педагагічнай грамадскасці Беларусі Вы знаёмыя і як аўтар цікавых артыкулаў па агульных праблемах навучання і выхавання школьнікаў. Ці ёсць сур’ёзныя набыткі ў гэтым кірунку?
– Агульную тэматыку мне падказвала мая былая педагагічная праца. За плячыма не адзін дзесятак гадоў працы настаўнікам гісторыі, а таксама 22 гады — на пасадзе намесніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце ў школе. Цяпер я на заслужаным адпачынку. Што да цікавасці маіх артыкулаў, то гэта залежыць ад стану душы тых, хто іх чытае. Педагогам, улюбёным у сваю справу, яны, магчыма, цікавыя і карысныя. Дарэчы, з педагагічным друкам я сябрую даўно, апублікаваў шэраг педагагічных матэрыялаў, дыяпазон якіх ахоплівае практычна ўсе аспекты навучання гісторыі і выхавання школьнікаў на здабытках гістарычнага мінулага.
РР: Васіль Уладзіміравіч, падзяліцеся сакрэтам, як гэта Вам, былому вясковаму настаўніку, а не цэламу інстытуту гісторыі ці нейкаму метадычнаму педагагічнаму рэспубліканскаму цэнтру ўдалося і ўдаецца выдаць столькі падручнікаў для беларускіх дзяцей і настаўнікаў, напісаць і апублікаваць сотні артыкулаў на гістарычныя і педагагічныя тэмы?
– Сакрэт вельмі просты. Мой рабочы дзень доўжыцца з 8 гадзін раніцы да 12 гадзін ночы. Творчай дзейнасці я прысвячаю ўсе свае выхадныя і святочныя дні. У мяне ёсць надзейны тыл — гэта мая сям’я. Пастаянна мяне падтрымлівае мая жонка Таццяна Пятроўна, а таксама ёсць добрае паразуменне з маімі дзецьмі.
РР: Чалавек, які піша падручнікі для школ рэспублікі, на маю думку, павінен мець дзяржаўныя ўзнагароды, нават ганаровае званне, вучоную ступень… А Вы маеце ўсё гэта?
– Ад усяго гэтага Бог мяне мілаваў, і я яму вельмі ўдзячны.
РР: Як так?
– Справа ў тым, што я, мусіць, да дзяржаўных узнагарод не дасягнуў. Пытанне наконт прысваення мне звання “Заслужаны настаўнік” узнімалася людзьмі, якія знаёмыя з маімі працамі, разоў шэсць, але дзесьці ў нетрах педагагічных інстанцый гэтае пытанне нейкім чынам гублялася. А вось у адносінах вучонага звання справа зусім іншая. Вучонае званне прафесара ў мяне маецца. Праўда, яно сімвалічнае. То журналісты мяне назавуць прафесарам з Новадзявяткавічаў, то былыя калегі так клічуць. А то, бывае, і жонка іншым разам назаве прафесарам.
РР: Вы кажаце, што пытанне наконт прысваення Вам звання “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь” узнімалася ажно шэсць разоў, а справа не кранулася з месца. Дык у чым прычына?
– На мой погляд, прычына ў тым, што мае погляды і дзеянні іншы раз значна разыходзіліся з поглядамі тых, каго называюць “уладатрымальнікамі”. Так, неаднойчы на жнівеньскіх педагагічных нарадах, на якіх прысутнічалі кіраўнікі раёна і прадстаўнікі вобласці, я адыходзіў ад прапанаванай мне тэмы выступлення і рэзка крытыкаваў хібы ў кіраўніцтве адукацыі. А ў перыяд перабудовы на канферэнцыі настаўнікаў горада і раёна мяне абралі намеснікам старшыні страйкавага камітэта, і я вёў актыўную работу, скіраваную на паляпшэнне становішча настаўнікаў. Зусім нечаканым для мяне быў выпадак, калі настаўнікі Сянькоўшчынскай сярэдняй школы Слонімскага раёна абмеркавалі маю кандыдатуру на пасаду дырэктара школы без ведама аддзела адукацыі. У час перабудовы гэта было рэальнай справай. Я шчыра падзякаваў ім за давер, але ад пасады адмовіўся, таму што ў мае творчыя планы на той час такі круты паварот лёсу не ўпісваўся.
Аднойчы на бюро Слонімскага гаркама партыі зацвярджалі маю кандыдатуру на пасаду намесніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце, на якой я ўжо працаваў пяць гадоў. І вось чарга падышла да мяне. Характарыстыка была такой, нібыта мяне зацвярджаюць на пасаду міністра адукацыі. А я ўзяў і паклаў на стол перад былым першым сакратаром Слонімскага гаркама партыі Казімірам Лушнеўскім заяву аб адмове ад пасады. Гэта было як гром сярод яснага неба.
РР: А чаму Вы так зрабілі?
– Таму, што той жа гаркам партыі тады мяне падмануў, калі абяцаў дапамагчы з кватэрай, а пасля пра гэта забыўся. Вось я і выбраў момант, каб напомніць чыноўнікам пра сваю чалавечую годнасць. Але і яны мне адпомсцілі. У свой час на маё імя прыйшла ўзнагарода — Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі СССР. Пра гэта я, вядома, нічога не ведаў. Грамату надзейна схавалі пад паперы, і там яна праляжала 6 гадоў. А пасля яе проста мне аддалі — ціха і непрыкметна… Але ўсё гэта даўно прайшло, усё перажыта. І, дзякаваць Богу, я яшчэ жыву, творча працую, думаю.
РР: Васіль Уладзіміравіч, дазвольце Вас павіншаваць з 75-годдзем і пажадаць здароўя, новых творчых адкрыццяў і заслужанага адпачынку.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя