У Познані прайшла акцыя „Лісты салідарнасці для Беларусі”



У чацвер 25 чэрвеня беларусы Познані сабраліся ў памяшканні галерэі “Łazęga Poznańska”, каб падпісаць і адправіць паштоўкі беларускім палітзняволеным.

Сярод амаль 30 удзельнікаў акцыі былі не толькі беларусы. Сваёй падтрымкай адзначыліся мясцовыя палякі а таксама ўкраінцы ды літоўцы. Адна з арганізатарак, Ксенія Тарасевіч, кажа:

— Мы былі прыемна здзіўленыя такой вялікаю колькасцю людзей. Беларусаў замежжа вельмі турбуе тое, што адбываецца. Яны абураюцца падзеямі на Радзіме. Гэтая акцыя – перадусім спроба падтрымання беларускіх палітзняволеных, якіх становіцца болей штодзень.

На працягу некалькіх гадзін удзельнікі знаёміліся з біяграфіяй асуджаных, працаваў перакладчык. Арганізатары падрыхтавалі дармовыя паштоўкі для ўсіх жадаючых. Сярод прысутных адметным сталася вялікая колькасць моладзі і шырокая геаграфія гарадоў.

Мацей Краеўскі, прадстаўнік “Łazęga Poznańska”:

— Нашая галерэя з’яўляецца адкрытай прасторай, дзе спатыкаюцца і жыхары і турысты гораду. Сярод наведвальнікаў, нашых добрых знаёмых і прыяцеляў ёсць грамадзяне Украіны і Беларусі. Акурат на пярэдадні выбараў мы шмат думаем пра дэмакратыю ў Польшчы, якая знаходзіцца пад пагрозай. У той жа час з Беларусі даходзяць вельмі сумныя навіны пра арышты і рэпрэсіі над асобамі, якія маюць адвагу сказаць “НЕ” рэжыму Лукашэнкі і якія хочуць вольнай і дэмакратычнай Беларусі. Зараз трэба праявіць падтрымку людзям, якія пакутуюць. Мы рады, што можам сустракацца тут з вамі і хаця б гэткім чынам падтрымліваць.

Наведаў мерапрыемства і хлопец з Расеі, які падзяліўся сваімі ўражаннямі:

— Я думаю, што гэтых людзей трэба падтрымаць таму, што яны пакутуюць як адзіныя за цэлую краіну і ім трэба аказаць як мага большую падтрымку. Я ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Сібіры, і там таксама жорсткая ўзурпацыя ўлады. Мне гэта вельмі не падабаецца.

Агулам ўдзельнікі падпісалі і выслалі 35 паштовак, якія адразу адправіліся да сваіх адрасатаў. Напярэдадні, штаб Віктара Бабарыкі прапанаваў дасылаць лісты тым, каго затрымалі, і распавядаць пра гэта пад хэштэгам #Лістынадзеі. Познань стаў другім горадам пасля Варшавы які прыняў удзел ва ініцыятыве з дасыланнем паштовак.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “ВЯСНА” на дадзены момант у Беларусі 21 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Стэфан Глушакоў