Лета, або маленькае жыццё ў стылі „cozy”- дэтэктыў



Лета – маленькае жыццё! Схаладала. Распачаўся ліпень. Зрэшты, сіноптыкі паабяцалі бліжэй да “вялікіх” выходных вяртанне камфортнага беларускага лета.

Па шчырасці, паняцце камфорту ва ўсіх людзей рознае, і цяжка спрагназаваць агульны градус камфорту па усёй краіне, праўда? З настроямі ў грамадстве яшчэ цяжэй. Асабліва калі павыкідаць такія “люстэркі” грамадскіх настрояў як праўдзівая статыстыка і незалежная сацыялогія.

Зразумела адно: заставацца аптымістам у нашым клімаце цяжкавата. Аптымісты выміраюць быццам маманты. Або мігрыруюць у іншыя краі. Людзі з экалагічным тыпам мыслення – таксама! Тут жа ніякае “зялёнае” сэрца не вытрымае: зялёныя зоны ў гарадах ды вёсках блакітнавокай пераўтвараюцца ў суцэльны агратрэш. А кнігі, дапаможнікі і падручнікі? Колькі лесу было пераведзена за апошнія год 25 на “новыя” падручнікі, надрукаваныя па новых праграмах для нашай шматпакутнай школы, што, сцяўшы зубы, перажывала адну рэформу за другой?! Шмат. І пасля ўвядзення кожнай новай рэформы старыя наборы падручнікаў ішлі пад нож. Настаўнікі былой загартоўкі і бібліятэкары былі проста ў шоку… А хто іх слухаў?!

І што мы чуем сёлета, у самы разгар абітурыенцкай кампаніі? У часы каронавіруснай пандэміі, якая і так папсавала нервы выпускнікам, мамам, татам, дзядулям, бабулям, педагогам? Чуем дзіўныя рэчы. Магчымую адмену ЦТ. Дзякуй, што не ў бягучым, а ў наступным годзе. Усё проста: кіраўнік дзяржавы даў загад міністру адукацыі прапрацаваць пытанне альтэрнатывы ЦТ. Па той простай прычыне, што за тэстам можна не ўбачыць таленавітага абітурыента, а прыёмная камісія павінна бачыць гэтага чалавека. Павінна, значыць… Будзе бачна. У Міністэрстве адукацыі пытанне “прапрацоўваюць”. Калі з’явяцца новыя правілы абітурыенцкай кампаніі? Пытанне амаль дэтэктыўнае…

Дарэчы, пра дэтэктывы. У адной з папулярных электронных кнігарняў можна бясплатна і экалагічна спампаваць шыкоўны цыкл канадскай пісьменніцы Луізы Пэнні. Так званы “cozy”- дэтэктыў (утульны дэтэктыў!) пра жыццё вёскі Тры Сасны і злачынствы, што здараюцца ў гэтай ціхай старане… 1 ліпеня адзначаецца Дзень Канады. Харошая краіна, мяркуючы па кнігах згаданай дэтэктыўшчыцы. Дабро там заўжды перамагае. І логіка. І здаровы сэнс. Што тут скажаш? “Сozy”- дэтэктыў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ