Кніга мастака і паэта са Слоніма



У Слоніме на Чырвонаармейскай вуліцы жыве 84-гадовы мастак і паэт Пятро Бурсевіч. За ўсё сваё жыццё Пятро Фёдаравіч не лез у вялікія мастакі і паэты. Ён сціплы і спакойны чалавек, працаваў, гадаваў дзяцей, займаўся хатняй гаспадаркай, а ў вольную хвіліну браўся за пэндзаль ці ручку і заўсёды маляваў, пісаў вершы. Маляваў людзей, якія жылі побач, краявіды, нацюрморты. І вучыў іншых, здольных да мастацтва, працаваць з пэндзлем і алоўкам. Ён і цяпер працуе ў сваёй невялікай хатняй майстэрні, а калі не малюецца, то стварае паэтычныя радкі, асабліва яму ўдаюцца сатырычныя вершы і апавяданні.

А нядаўна ў Менску з друку выйшаў вялікі альбом Пятра Бурсевіча пад загалоўкам “Сцежкі-пуцявіны”. Пад цвёрдай вокладкай на 165 старонках змешчаны не толькі ілюстрацыі яго карцін, малюнкаў, але і вершы, апавяданні, публікацыі пра яго творчасць, згадкі ў СМІ і г.д.

Альбом “Сцежкі-пуцявіны” адкрываецца партрэтамі сваякоў Пятра Бурсевіча, якіх ён намаляваў, а таксама ксеракопіямі артыкулаў пра мастака. А ўпершыню пра жыхара вёскі Чамяры напісала слонімская раённая газета “За перамогу камунізму” у сакавіку 1966 года.  Пасля пісалі “Настаўніцкая газета”, БЕЛТА, “Літаратура і мастацтва” і іншыя выданні. Пятро Фёдаравіч працаваў на Слонімскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, настаўнікам малявання ў школах Слоніма, кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва ў Слонімскім Доме піянераў. Ён вучыў юных мастакоў пасцігаць гэта складанае мастацтва. Разам яны арганізавалі сотні розных выставаў – ад раённых да рэспубліканскіх, прывозілі з гэтых выставаў граматы і дыпломы. Сам Пятро Бурсевіч да сённяшніх дзён добра валодае тэхнікай малюнка. Яго заўсёды цікавіла родная Слонімшчына, людзі працы, барацьба з фашызмам і, вядома ж, прырода. І ўсё гэта адлюстравана на яго карцінах і малюнках. Як пісаў Анатоль Іверс у 1968 годзе, “любоў да роднай краіны, да людзей працы – гэта і ёсць душа мастака Пятра Бурсевіча”.

Што не ўдавалася ажыццявіць у сваіх мастацкіх творах, слонімскі мастак перадае ў вершах і апавяданнях. Нават напісаў паэму пра лёс слонімскага паэта Анатоля Іверса. Яна таксама надрукавана ў кнізе.

Апошні раздзел кнігі называецца “Творчая выстава”. Давайце гэты раздзел пагартаем. Вось партрэт слонімскага скульптара Леаніда Богдана, намаляваны ў 1990 годзе, вось жывапісны малюнак Слонімскага касцёла святога Андрэя, 1968 года, вось малюнак “Рабакі”, 2004 год, вось Слонімскі вакзал (жывапіс), 1968 года… Радуюць вочы і душу карціны, прысвечаныя ваколіцам Слоніма, парку, царкве, вясне, Сынковіцкай царкве, бацькоўскай хаце, Чамярам, Слоніму і г.д.

Альбом “Сцежкі-пуцявіны” Пятра Бурсевіча – добры падарунак сціпламу і таленавітаму слонімцу.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Малюнкі з фотаальбома Пятра Бурсевіча