Максім Валадзько і Юрый Кавалёў не выратавалі тульскі „Арсенал”



Футбалісты тульскага „Арсенала” пацярпелі пятую паразу запар у чэмпіянаце Расеі. У хатнім паядынку 25-га тура тульская каманда саступіла грозненскаму „Ахмату” з лікам 1:3. Беларускія гульцы „Арсенала” Максім Валадзько і Юрый Кавалёў выйшлі на поле ў другой палове сустрэчы, але не змаглі дапамагчы камандзе выратаваць гульню.

Таксама лідар расейскай прэм’ер-лігі „Зеніт” з Санкт-Пецярбурга адолеў у гасцях „Тамбоў” – 2:1, забіўшы пераможны гол у кампенсаваны час другога тайма.

„Дынама-Берасце” і „Рух” дамовіліся аб абмене Яўгена Шаўчэнкі на Паўла Сядзько

ФК „Дынама-Берасце” і ФК „Рух” дамовіліся аб абмене двух маладых гульцоў: дынамаўскую каманду пакідае форвард Яўген Шаўчэнка, а паўабаронца Павел Сядзько вяртаецца ў родны клуб. Павел прыступіў да трэніровак з асноўным складам каманды, паведамляе сайт брэсцкага „Дынама”. У мінулым сезоне ў складзе „Руху” Сядзько правёў 25 афіцыйных матчаў, у якіх забіў 6 галоў і аддаў 9 галявых перадач. Таксама Павел быў прызнаны найлепшым гульцом сезона па версіі заўзятараў. У бягучым сезоне паўабаронца правёў 12 гульняў, забіў 2 галы і аддаў 2 галявыя перадачы. Да пераходу ў ФК „Рух” Сядзько быў капітанам каманды. Упершыню ў гэтай якасці паўабаронца вывеў „Дынама-Брэст” на хатні матч чэмпіянату Беларусі супраць „Нафтана”. Тады Паўлу было 19 гадоў.

Беларуская валейбалістка Ганна Каліноўская будзе выступаць за „Менчанку”

Адна з лідараў зборнай Беларусі блакавальная Ганна Каліноўская ў сезоне 2020/2021 будзе выступаць за „Менчанку”, паведамілі ў прэс-службе сталічнага клуба. Пяціразовая чэмпіёнка Беларусі выступала за менскі клуб у сезонах 2015/2016 і 2018/2019. Яна вярнулася ў клуб пасля года перапынку. Паспрабаваўшы свае сілы ў камандзе расейскай суперлігі чалябінскім „Дынама-Метары”, валейбалістка перайшла ў дружыну Top speed, якая выступае ў элітным дывізіёне чэмпіянату кітайскага Тайваня. Па выніках турніру яна стала срэбранай медалісткай і была прызнана лепшым гульцом свайго амплуа. Таксама ў кар’еры Ганны Каліноўскай былі выступы за турэцкія, французскія і нямецкія клубы. Як паведамлялася, кантракт з беларускім клубам падпісалі таксама азербайджанская валейбалістка Маргарыта Азізава, якая будзе выступаць на пазіцыі дыяганальнай, і расейка Ксенія Бондар.

БГК імя Мяшкова даведаўся супернікаў па групавым этапе Лігі чэмпіёнаў

Лёсаванне групавога этапу мужчынскай гандбольнай Лігі чэмпіёнаў адбылося ў штаб-кватэры Еўрапейскай федэрацыі гандбола ў Вене.

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова трапіў у групу А, дзе яго супернікамі будуць французскі „Пары Сен-Жэрмен”, „Вардар” са Скоп’е, вугорскі „Пік”, партугальскі „Порту”, нарвежскі „Эльверум”, нямецкі „Фленсбург” і польскі „Вівэ” з Кельце, у якім выступаюць беларусы Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш.Спаборніцтвы ў групах пачнуцца 16 верасня, а фінішуюць 4 сакавіка 2021-га года.

Хакеем у Беларусі займаюцца 6,5 тыс. Хлопчыкаў і дзяўчынак.

Беларускае Радыё Рацыя