Пра новую расейскую Канстытуцыю



200 правак у канстытуцыю Расейскай Федэрацыі. Вы думаеце гэтыя ўсе людзі, што прагаласавала “За”, іх чыталі? Як той казаў, не смяшыце мае шкарпэткі. Ды большасць з тым людзей чытаюць толькі праграму для тэлевізара, а не тое, што 200 правак, напісаных юрыдычнай мовай. 200 правак – гэта ж многа літар. Гэта вам не лайк паставіць у “Кантакце” ці “Аднакласніках” пад фотаздымкам. Там чытаць трэба. А чыталі многія апошні раз у школе. І тое не факт. Але на выбарчыя ўчасткі прыйшлі прагаласаваць за змены ў Канстытуцыі. Цікава, яны хоць саму Канстытуцыю чыталі? Але прагаласавалі “За” змены. Можна колькі заўгодна гаварыць пра ўкіды, але экзітполы актывістаў кампаніі “Не” паказваюць, што ў Маскве і Пецярбургу “Супраць правак” выступае прыкладна 63%, а “За” – 37%. Дык гэта Масква і Піцер – сталіца і культурная сталіца. І нават там досыць вялікі працэнт выбарцаў выступіў “За” праўкі ў Канстытуцыю. А што ўжо гаварыць пра іншыя гарады і вёскі? У Туве, напрыклад, увогуле праўкі ў Канстытуцыю падтрымала амаль 97%. Можа, яны думалі, што за нешта іншае галасавалі?

Такім чынам, большасць грамадзян Расейскай Федэрцыі прагаласавала за змяненне Канстытуцыі. З прапанаваных 200 правак адна з найгалоўнейшых – абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна. Гэта азначае, што цяпер Уладзімір Уладзіміравіч можа зноў балатавацца ў прэзідэнты. Шкада, так з узростам нельга: прагаласаваў, абнуліў – і зноў малады. І нібыта нічога не было. Затое беларусы з расейцамі цяпер могуць, як у спорце, стаўкі рабіць: чый пратрымаецца болей.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ