Кіраўнік польскага ўраду наведаў Падляшша
Кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі з візітам на Падляшшы. Напярэдадні ён сустрэўся з жыхарамі Сямятыч. Сёння, 2 ліпеня, Матэвуш Маравецкі сустрэўся з жыхарамі Гайнаўкі і Бельск-Падляшскага. Запланаваныя яшчэ сустрэчы ў Беластоку, Саколцы. У кожным з гэтых месцаў прэм’ер мае намер правесці па паўгадзіны.
На сустрэчы ў Бельску-Падляшскім, якая адбылася ў парку каралевы Гэлены, пабывала наш карэспандэнт Валянціна Лаеўская:
– Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі пабываў у Бельску-Падляшскім не поўных паўгадзіны. Сустрэча, запланаваная на дзевяць гадзінаў, пачалася амаль з 20 хвілінным спазненнем. Падчас кароткага выступлення прэм’ер нагадаў пра сацыяльныя пакеты ўраду, а таксама пра тое, што гэта першы ўрад Рэчы Паспалітай, які паклапаціўся пра самых незабяспечаных. Прэм’ер уручыў таксама бельскім прадстаўнікам самакіравання так званыя прамэсы, чэкі на рэалізацыю самаўрадавых праектаў у рамках урадавага шчыта №4. Горад Бельск атрымаў прамэсаў на звыш 5 мільёнаў, гміна Бельск-Падляшскі атрымала звыш 1 мільён, Орля атрымала 900 тысяч. На сустрэчы прысутнічала каля 200 чалавек, пераважна гэта былі прадстаўнікі самакіравання, быў таксама падляшскі ваявода.
Пасля выступлення прэм’ер паціснуў рукі бельсчанам і ад’ехаў у Гайнаўку.
І яшчэ такая акалічнасць – была розная інфармацыя наконт пачатку сустрэчы – у 9.00 і ў 10.00. Таму частка людзей пасля таго, як прэм’ер ад’ехаў, прыходзіла яшчэ на сустрэчу з ім.
Увогуле зацікаўленне было даволі вялікім, але адчувалася, што тут на сустрэчу з прэм’ерам прыйшлі прыхільнікі прэзідэнта Анджэя Дуды і прыхільнікі гэтага ўраду. Хаця былі, напрыклад, і спадары, якія хацелі задаць прэм’еру пытанне адносна малочнага прадпрыемства ў Бельску-Падляскім, праблема якога не вырашана дагэтуль і баліць многім. Яны, вядома, не змаглі задаваць пытанняў, таму што такое не было прадбачана падчас гэтага выступлення.
Беларускае Радыё Рацыя