Гуляць дык гуляць?



Фестываль “Славянскі базар” у Віцебску правядуць у скарочаным маштабе, але не адменяць, хоць было б лагічна ашчадзіць грошы ды перакінуць іх на мясцовую медыцыну, пашкуматаную сустрэчай з кавідам… Першай сустрэчай, але ці апошняй? Прасцей заставацца аптымістамі сонечным летам, а восенню навукоўцы прагназуюць так званую другую хвалю каронавіруса… Утрымаемся?

Безумоўна, музыка дадае пазітыўных эмоцый, а пазітыўныя эмоцыі дадаюць здароўя і працягваюць жыццё. Да таго ж фэсты ў кожным горадзе ствараюць сваю непаўторную святочную атмасферу, свае традыцыі… І даюць шанец талентам праявіць сябе! “Славянскі базар” запаліў не адну зорку эстрады. Вось і Аляксей Грос стаў пераможцам у 2016 годзе, а ў 2020-м (ох, гэты няпросты вісакосны год!) выгналі хлопца з чацвертага курса Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў за няправільныя словы ў сеціве. Зрэшты, пра ўсё па чарзе.

Аляксей Грос (а ў жыцці па-за сцэнай – Аляксей Шкрабо) спалучаў спеўную кар’еру з завочнай вучобай ва ўніверсітэце культуры. Выдатнікам не быў, запазычанасці па іспытах былі, але ўсё ў межах нормы і па “дамоўленасці”… Гісторыя для артыстаў і спартоўцаў звычайная! Усе мы людзі! Не стрымаўся хлопец і спачатку папрасіў падтрымаць медыкаў у барацьбе з  COVID-19, потым зрабіў перапост Віктара Бабарыкі, потым напісаў пра арышты Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага… Усё гэта – выключна ў сваім інстаграме! Ніякіх пратэстаў на плошчы, ніякіх транспарантаў і плакатаў! Тым не менш была адмена выступленняў у некаторых пафасных месцах, а потым – адлічэнне.

Вось такі прысмак базару… Нават зялёныя парасткі пратэсту “зялёных” артыстаў пужаюць начальства! І гэта нават не гучны #культпратэст зорак. Допісы і перапосты, лайкі… Хто не бунтаваў у маладосці?! Той, хто падлічвае лайкі, класы, перапосты і перадае вышэй. Сумна. Шкада гэтага чалавека, шкада яго маладосці…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ