Чаму беларуская дыяспара актывізавалася?
У палітычнай кампаніі апошніх дзён было многа чаго новага. Але асноўнае адрозненне — колькасць удзельнікаў акцый. Няважна, пікеты гэта ў падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата альбо акцыі салідарнасці. Асобнай з’явай сталіся шматлікія маніфестацыі прадстаўнікоў беларускай дыяспары па ўсім свеце: ад Галандыі да Кіпра, ад Расеі да ЗША. Што ўжо пра Польшчу казаць, дзе ў Варшаве на акцыю выйшла, паводле падлікаў тамтэйшай паліцыі, да 3 тысяч чалавек. Усяго, калі верыць паведамленням СМІ, беларусы замежжа сабраліся ў 49 гарадах свету, пікетавалі дыппрадстаўніцтвы 17 сталіц. І ўсе гэтыя акцыі праходзілі пад нацыянальнай сімволікай. Сумнеўна, што беларуская дзяржава, нават маючы вялікія рэсурсы, магла б арганізаваць нешта падобнае ў сваю падтрымку.
Такая фенаменальная актыўнасць беларусаў замежжа не засталася па-за ўвагай суайчыннікаў з “вялікай зямлі”. Зрэшты, далёка не ўсе беларусы адэкватна паставіліся да мабілізацыі дыяспары. Адна з распаўсюджаных фраз, якую выставіў на сваім акаўнце нават адзін з экс-прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва Алесь Таболіч: “Я адзін заўважаю, што найбольш дзёрзкія і патрыятычныя беларусы, што пішуць нам пра тое, якой мае быць Беларусь, пішуць з-за мяжы?”. Што праўда, гэтая фраза, якая атрымала сімвалічную падтрымку ў выглядзе ста з нечым лайкаў, была чамусьці напісаная па-расейску. Такая пазіцыя, зрэшты, зусім не маргінальная, як здавалася б. Калі ўважліва пагартаць стужку актыўнай публікі ў Фэйсбуку, даволі часта сустракаюцца зняважлівыя і крытычныя выразы на адрас беларусаў замежжа. У асноўным выказванні грунтуюцца вакол пасыла “хто з’ехаў, той не мае права вучыць жыццю”.
Масавыя акцыі замежных беларусаў у падтрымку дэмакратычнай апазіцыі праходзілі і раней. Толькі ў асноўным на іх выходзілі былыя актывісты, якія былі змушаныя з’ехаць з краіны па палітычных прычынах альбо прадстаўнікі сем’яў старой эміграцыі. Цяпер жа на акцыях, калі паслухаць выступоўцаў, з’явіліся ІТ-спецыялісты, лекары і беларускія грамадзяне, якія стварылі сем’і з замежнікамі. Калі да гэтага яны дыстанцыяваліся ад падзей на радзіме, то цяпер выйшлі на вуліцы таксама.
Актыўны ўдзел суродзічаў у замежжы ў акцыях пратэсту абумоўлены тым жа, чым і ўздым палітычнай актыўнасці ў самой Беларусі: жаданнем пераменаў. А калі сказаць больш дакладна, актывізацыяй супольнасці грамадзян, якія адчулі сябе палітычнай нацыяй. Станаўленню беларускай палітычнай нацыі не замінае тое, што частка беларусаў гадамі не перасякае дзяржаўнага кардону. Судатычнасці да падзей у Беларусі ім дапамагае Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і ўдзел у акцыях па збору сродкаў рэпрэсаваным. На адным з плакатаў, які трымаў беларус у Празе, было напісана: “Саня, я з’ехаў праз цябе”. З намёкам на тое, што эміграваць невядомага суайчынніка прымусіла цяперашняя сітуацыя. Няма сумневу ў тым, што многія беларусы вернуцца на радзіму, як толькі ў нас адбудуцца палітычныя і эканамічныя змены.