Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух асобаў



Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух членаў ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі — Алену Карагачаву і Дзмітрыя Караку. Адпаведная заява размешчаная на праваабарончым сайце spring96.org.

Карагачева, член ініцыятыўнай групы і асабісты памочнік Бабарыкі, якая працавала з ім у „Белгазпрамбанку” больш за 20 гадоў, была затрыманая 1 ліпеня дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. „Паводле атрыманых звестак, Карагачава абвінавачваецца па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумы падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Яна ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА КДБ”, — адзначаецца ў заяве.

Карака, які з`яўляецца адным з каардынатараў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Бабарыкі, паводле звестак праваабаронцаў, быў затрыманы 18 чэрвеня разам з Эдуардам Бабарыкам, калі яны ехалі здаваць сабраныя подпісы. З моманту затрымання Карака знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

„Прэзідэнцкая кампанія з самага пачатку праходзіць ва ўмовах запалохвання грамадства, пагроз і ціску, у тым ліку ў дачыненні да непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі — вылучэнцаў у кандыдаты і сябраў іх ініцыятыўных груп, — гаворыцца ў заяве. — Улічваючы дадзеныя акалічнасці, праваабаронцы робяць выснову, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і сябраў яго ініцыятыўнай групы з`яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх публічнай дзейнасці па вылучэнні Бабарыкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах”.

Праваабаронцы адзначаюць, што „ўдзел у кіраванні краінай праз працэдуру перыядычных, свабодных і дэмакратычных выбараў з`яўляецца адной са свабодаў, рэалізацыя якой гарантаваная грамадзянам Беларусі як Канстытуцый, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

„У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў заяве аб прызнанні В. Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы ад 19 чэрвеня 2020 года, заяўляем аб прызнанні Алены Карагачевой і Дзмітрыя Каракі палітычнымі зняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Затрыманні па справе „Белгазпрамбанка” пачаліся 11 чэрвеня. У СІЗА, паводле неафіцыйнай інфармацыі, знаходзяцца каля двух дзясяткаў чалавек.

Віктар Бабарыка, а таксама яго сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя 18 чэрвеня. Яны знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Вядома, што ім выстаўленыя абвінавачванні, але называць канкрэтныя артыкулы КК адвакатам забаранілі.

У дзень затрымання былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў: Бабарыка „затрыманы ў сувязі з тым, што з`яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”. Паводле слоў старшыні КДК, у межах расследавання распачатыя справы па шасці артыкулах КК.

За некалькі дзён да гэтага ў „Белгазпрамбанку” і шэрагу іншых камерцыйных кампаній прайшлі вобшукі. Лукашэнка публічна заявіў, што праверка дзейнасці банка, якім да выбарчай кампаніі кіраваў Бабарыка, праводзіцца згодна з яго даручэннем. Пры гэтым дзейны кіраўнік дзяржавы сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў справе няма.

Бабарыка звязаў тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў межах перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна носіць палітычны характар”, — сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрв`ю тэлеканалу „Белсат”.

belapan.by