Юрыст штаба Бабарыкі: Мы дагэтуль не ведаем, чаму не прынялі 200 тыс. подпісаў
Штаб Віктара Бабарыкі дагэтуль не ведае, чаму тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі адбракавалі прыблізна 200 тыс. подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, паведаміў падчас стрыму 6 ліпеня юрыст штаба былога старшыні праўлення „Белгазпрамбанка” Максім Знак.
Згодна са звесткамі ЦВК, за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы было пададзена 367.179 подпісаў, з якіх дакладнымі прызнана 165.744. Разам з тым раней штаб прэтэндэнта паведаміў, што за яго было сабрана амаль 435 тыс. подпісаў, але з аб`ектыўных прычын было здадзена больш за 365 тыс.
„Мы ведаем, колькі подпісаў залічылі, мы ведаем, што прыблізна 200 тыс. подпісаў не палічылі асобе, якая вылучаецца ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, гэта было паведамлена Цэнтральнай камісіяй, — заўважыў Знак. — Але мы дагэтуль дакладна не ведаем, чаму так адбылося, і не атрымалі магчымасці азнаёміцца з дакументамі. Сказаць, чаму былі забракаваныя подпісы, мы не можам. Гэтых дакументаў нам да гэтага часу з нейкай прычыны не паказалі”.
Паводле слоў юрыста, учора і сёння ў штаб пачалі прыходзіць адказы на заявы грамадзян, якія цікавіліся ў выбаркамаў, чаму іх подпісы былі забракаваныя, а таксама на скаргі, якія ён сам падаваў на падставе засведчанай Бабарыкам даверанасці.
„Зыходзячы з адказаў выбарчых камісій, ёсць дзве асноўныя высновы, — сказаў Знак. — Па-першае, атрымліваецца так, што грамадзянін не мае права ведаць, што менавіта адбылося з яго подпісам. Калі ён быў прызнаны недакладным на нейкай падставе, гэтая інфармацыя грамадзяніну на яго запыт не даецца. Гэта напісана ў адказах на заявы, якія грамадзяне падавалі”.
„Што да пададзеных [штабам] скаргаў, то там адказ прыкладна такі: выбарчым заканадаўствам не прадугледжаная працэдура абскарджання актаў і рашэнняў раённых камісій, таму што рашэнняў там не было, а былі пратаколы, — паведаміў ён. — Адпаведна, самі па сабе гэтыя дакументы абскарджаныя быць не могуць, і трэба пачакаць, пакуль пройдзе ўвесь ланцужок уверх да Цэнтральнай камісіі, і там, калі будзе прынятае рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі адпаведнай асобы ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, вось тады менавіта гэтая асоба і зможа падаваць адпаведную скаргу ў Вярхоўны суд. Але толькі тады і толькі гэтая асоба”.
Юрыст лічыць, што такая інтэрпрэтацыя выбарчага заканадаўства „не адпавядае духу, прынцыпам, асноватворным момантам, якія закладзеныя ў Канстытуцыі і Выбарчым кодэксе”. Ён перакананы, што „грамадзяне з`яўляюцца суб`ектамі ў выбарчым працэсе, і яны маюць правы і могуць іх абараняць”. Такім чынам, калі грамадзянін удзельнічае ў гэтым працэсе, у яго „гэтак жа, як у любога іншага грамадзяніна, ёсць права на атрыманне інфармацыі ад дзяржаўных органаў і ў яго гэтак жа ёсць права на судовую абарону”.
„Калі мы прыходзім да таго, што на справе гэтыя правы задэклараваныя дзесьці ці што ў нас у выбарчым заканадаўстве з пункта гледжання грамадства напісаныя адны нормы, але яны, атрымліваецца, працуюць неяк па-іншаму, дык мы апынаемся ў трывожнай сітуацыі, калі патэнцыйныя выбаршчыкі не зусім разумеюць, якім чынам кіравацца выбарчым заканадаўствам. Калі ў нас сістэматычна адбываюцца нейкія сітуацыі, калі з розных прычын нормы, устаноўленыя ў заканадаўстве, нейкім вельмі складаным чынам пачынаюць працаваць, то частка грамадства можа падумаць, што адбыўся юрыдычны дэфолт”, — падкрэсліў Знак.
Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён, а таксама яго сын і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя 18 чэрвеня паводле падазрэння ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў. Вядома, што ім выстаўленыя абвінавачанні, але адвакатам забаранілі паведамляць, на падставе якіх менавіта артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
„Міжнародная амністыя” прызнала Бабарыку і яго затрыманых паплечнікаў палітычнымі зняволенымі.
Перыяд рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты пачаўся 5 ліпеня і будзе доўжыцца да 14 ліпеня. Выбары прэзідэнта прызначаныя 9 жніўня.
belapan.by
Фота Эдуарда Шэлега / facebook