Рахунак Віктара Бабарыкі з выбарчым фондам па-ранейшаму заблакаваны



Разліковы рахунак са сфармаваным выбарчым фондам прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі застаецца заблакаваным, паведаміў падчас стрыму 6 ліпеня юрыст яго штаба Максім Знак.

Паводле слоў юрыста, яшчэ да затрымання, якое здарылася 18 чэрвеня, Бабарыка накіраваў скаргі на блакаванне рахунку ў дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і ЦВК. „З Цэнтральнай камісіі атрыманы адказ, што неабходна звяртацца ў ДФР, з ДФР атрыманая інфармацыя, што скарга перададзеная для разгляду згодна з падведамнасцю ў КДБ. КДБ інфармацыю аб разглядзе гэтай скаргі па тэлефоне не даваў. Чакаем, што адказ нейкі прыйдзе”, — сказаў ён.

Знак растлумачыў, якім чынам будуць кампенсавацца расходы на агітацыю пасля магчымай рэгістрацыі Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты, калі рахунак застанецца заблакаваным: „Існуюць юрыдычныя механізмы фінансавання кампаніі, пры якіх не ўзнікае негатыўных наступстваў у выглядзе адмены рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты пры ўмове, што агульны памер фінансавання не перавышае мяжу, устаноўленую выбарчым заканадаўствам, пры ўмове, што няма ніякага замежнага фінансавання”.

„Але мы спадзяемся, што расходы будуць фінансавацца выключна з разблакаванага выбарчага рахунку, бо асоба, упаўнаважаная на распараджэнне гэтым рахункам, ёсць, даверанасць адпаведная ёсць, таму справа толькі за малым — гэтыя грашовыя сродкі вызваліць, — заявіў юрыст. — Справаздачнасць будзе пададзеная, зразумелая справа, што толькі на выбарчую кампанію гэтыя грошы могуць быць зрасходаваныя. <…> Як толькі будзе інфармацыя аб тым, што выбарчы рахунак адкрыты, і як толькі будзе рэгістрацыя ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, адразу можна будзе абвяшчаць пра магчымасць атрымання ахвяраванняў”.

Пра блакаванне рахунку з выбарчым фондам штаб Бабарыкі паведаміў напярэдадні яго затрымання. „17 чэрвеня пры спробе ажыццяўлення плацяжоў за кошт сродкаў выбарчага фонду супрацоўнікі ААБ „Беларусбанк” паведамілі, што разліковы рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфармаваны выбарчы фонд, заблакаваны — арыштаваныя расходныя аперацыі па рахунку. Дакументы, якія пацвярджаюць арышт альбо наяўнасць іншых падстаў для абмежавання распараджэння сродкамі выбарчага фонду, дадзеныя не былі”, — паведаміў штаб прэтэндэнта.

На момант блакавання на рахунку знаходзілася больш за 100 тыс. рублёў. У штабе падкрэслілі, што забарона на распараджэнне гэтымі сродкамі неправамерная і не дазваляе „ў поўнай ступені рэалізаваць выбарчыя правы”, аднак запэўнілі, што на далейшую кампанію гэты факт не паўплывае.

Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён, а таксама яго сын і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя 18 чэрвеня паводле падазрэння ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў. Вядома, што ім выстаўленыя абвінавачанні, але адвакатам забаранілі паведамляць, згодна з якімі менавіта артыкуламі Крымінальнага кодэкса.

У дзень затрымання старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель паведаміў: Бабарыка „затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна днямі зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”. Паводле слоў старшыні КДК, у межах расследавання распачатыя справы паводле шасці артыкулаў КК.

За некалькі дзён да гэтага ў „Белгазпрамбанку” і шэрагу іншых камерцыйных кампаній прайшлі вобшукі. Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што праверка дзейнасці банка, якім да выбарчай кампаніі кіраваў Бабарыка, праводзіцца паводле яго даручэння. Пры гэтым сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтым няма.

belapan.by