ЗВР Беларусі выраслі ў чэрвені на 11,6% пасля размяшчэння еўрабондаў



Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня 2020 года склалі 8 млрд 795,7 млн долараў ЗША (у эквіваленце), паведамляе Нацбанк.

„За чэрвень 2020 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 916,4 млн долараў ЗША (на 11,6%) пасля зніжэння ў траўні на 3,7 млн долараў ЗША (на 0,05%)”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Паводле дадзеных Нацбанка, асноўным фактарам росту ЗВР стала паступленне сродкаў ад размяшчэння еўрабондаў на 1,25 млрд долараў. Павелічэнню рэзерваў спрыяў таксама рост кошту манетарнага золата.

У чэрвені ўрад і Нацбанк выканалі знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 287 млн долараў ЗША.

Рэгулятар нагадвае, што згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен скласці не менш як 7,3 млрд долараў ЗША.

„Нашы ацэнкі па памеры золатавалютных рэзерваў на канец года мы не мяняем. Яны ўстаноўленыя ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі”, — адзначыў кіраўнік Нацбанка Павел Калаур 13 мая падчас відэабрыфінгу.

У лютым ён заявіў, што рэзервы да канца года, хутчэй за ўсё, будуць бліжэй да 9,2 млрд долараў (паказчык на 1 лютага), чым да прагнознага арыенціру (7,3 млрд долараў).

У сваю чаргу міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings чакае, што ўзровень рэзерваў да канца года апусціцца ніжэй за адзнаку, пазначаную ўладамі.

Згодна з прагнозам Fitch, рэзервы да канца года складуць 7,1 млрд долараў. На думку аналітыкаў агенцтва, зніжэнне рэзерваў будзе абумоўленае пагашэннем Беларуссю дзяржаўнага доўгу і больш нізкім аб’ёмам куплі валюты на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам у параўнанні з папярэднімі гадамі.

На 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 9.393,5 млн долараў. Такім чынам, за студзень—чэрвень рэзервы скараціліся на 597,8 млн долараў. Найбольшае зніжэнне адбылося ў сакавіку. Тады на фоне росту валютных курсаў насельніцтва рэзка павялічыла попыт на замежную валюту, і рэзервы скараціліся на 1 млрд 18,9 млн долараў.

belapan.by