Блогеру Пятрухіну прад’явілі абвінавачванне па трох артыкулах КК



Праваабаронцам “Вясны” стала вядома, што берасцейскаму блогеру Сяргею Пятрухіну прад’яўлена абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу – 342, 369 і 391.

  • ч. 1 арт. 342 КК РБ – Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Караецца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
  • арт. 369 КК РБ – Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў.
  • арт. 391 КК РБ – Абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя. Караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў.

Па папярэдняй інфармацыі, артыкулы аб “абразе суддзі” і “абразе прадстаўніка ўлады” тычацца падзей двухгадовай даўніны.

Блогера Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня і адправілі адбываць прысуджаны раней 15-суткавы арышт. Пазней высветлілася, што ён стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ, якая была пачата пасля інцыдэнту ў Гародні 29 траўня. 25 чэрвеня Пятрухін быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Менска, а адтуль пераведзены ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага, дзе знаходзіцца дагэтуль.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Сяргея Пятрухіна, як і іншых затрыманых блогераў, палітычным зняволеным.

Сяргей Пятрухін у красавіку 2019 года ўжо быў асуджаны па крымінальнай справе. Яго прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч. 2 арт. 189 (“Абраза”) і прысудзілі вялікі штраф. Праваабаронцы прызналі тую справу палітычна матываванай.

spring96.org