Нараджэнка Гародні адзначана на высокім роўні ў Польшчы



Навукоўца з Гародні Ганна Паўлоўская за свае навуковыя дасягненні атрымала ўзнагароду ад прэм’ер-міністра Польшчы Эвы Копач.

1236818_10151912516919083_546026585_n

Гарадзенка была ўзнагароджана разам з 42 навукоўцамі з усёй Польшчы. Ганна была вельмі здзіўлена тым, што апынулася сярод лаўрэатаў прэміі за выдатныя навуковыя і мастацкія дасягненні.

Пра намінацыю і свае навуковыя дасягненні яна расказала нашаму радыё:

– Я была вельмі здзіўлена гэтай узнагародай. Па-першае, тэма – беларуская, гарадзенская. Па-другое, абсалютна вузкаспецыяльная – лацінскамоўныя тэксты, канец 18-га стагоддзя. І тое, што яна выйграла сярод гэтых фізікаў і хімікаў, з майго пункту гледжання – гэта проста цуд. Ведаю, што з нашага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта толькі адзін чалавек да мяне быў узнагароджаны некалькі год таму – Кацярына Марціняк, за працу пра Цыцэрона. Гэтая ўзнагарода па-сутнасці не для замежнікаў, гэта такая ўнутрыпольская справа і яна напэўна за тое, што мы таксама падтрымліваем польскую навуку. Мой факультэт быў вельмі здзіўлены.

Праца Ганны Паўлоўскай тычылася хронік гарадзенскіх кляштараў у XVII – XVIII стагоддзі, якія былі напісаныя на лацінскай мове.  Ганна збіраеццца надалей звязваць свой лёс з навукай, а па выніках працы з хронікамі, за якую яна была ўзнагароджана, плануе выдаць кнігу.

Гарадзенка навучалася ў дзвюх аспірантурах – Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі і на факультэце Artes Liberales Варшаўскага ўніверсітэта.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота facebook.com