Пра функцыю спойлераў



У Беларусі набліжаецца дата выбараў прэзідэнта. Неўзабаве Цэнтрвыбаркам абвесціць спіс зарэгістраваных кандыдатаў. Аналізуючы падзеі сёлетняй палітычнай кампаніі, калі найбольш моцныя прэтэндэнты выведзеныя з гульні арыштамі і заведзенымі крымінальнымі справамі, прыходзіш да высновы, што сюрпрызаў пры рэгістрацыі кандыдатаў не будзе. Супернікамі дзейнага кіраўніка дзяржавы, хутчэй за ўсё, будуць квазіапазіцыйныя дублёры. Альбо, як іх прынята называць апошнім часам, спойлеры. Пакуль што сярод відавочных спойлераў рэжыму дзве асобы – экс-дэпутатка Ганна Канапацкая і адзін з кіраўнікоў руху “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Роля яшчэ аднаго прэтэндэнта, старшыні шушкевіцкай сацыял-дэмакратычнай партыі, Сяргей Чэрачня пакуль што да канца не зразумелая. Але падобна на тое, што ён стаў закладнікам чужой гульні, пра што сведчыць сітуацыя з подпісамі за ягонае вылучэнне. Нагадаем, што ведамства Лідзіі Ярмошынай агучыла лічбу пададзеных подпісаў у падтрымку Чэрачня, якая разыходзіцца са звесткамі самога кандыдата амаль на 40 тысяч. Для чаго гэта зроблена? І чаму патэнцыйны кандыдат працягвае ўдзел у кампаніі, хоць дадзены факт цягне на скандал, – пытанне застаецца адкрытым.

Удзел бяспечных для беларускай улады прэтэндэнтаў у выбарах – правераны спосаб пазбягання безальтэрнатыўнага галасавання. У ранейшыя гады прадстаўнікі сям’і Гайдукевічаў і яшчэ дзясятак асобаў з меншай пазнавальнасцю забяспечвалі прыкрыццё для любых выбараў, каб накінуць на іх флёр дэмакратычнасці і наяўнасці альтэрнатывы. Аднак іх функцыя звычайна вычэрпвалася пасля галасавання. Потым пра спарынг-партнёраў забываліся на пяцігодку, каб дастаць іх з пыльнай шуфляды ў патрэбны момант. Асаблівасцю цяперашніх выбараў, аднак, сталася нечаканае зняццё Гайдукевіча-малодшага, што наўпрост указвала на гвалтоўны сцэнар выбарчай кампаніі і наяўнасць іншых, больш таленавітых, дублёраў.

Функцыі спойлераў на выбарах 2020 года можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: відавочныя і невідавочныя. Да першай якраз адносіцца не дапусціць таго, каб у выбарчым бюлетэні ў самоце засталося адно прозвішча ўсім вядомай асобы. А вось з “невідавочнымі” задачамі, якія павінны вырашыць дублёры, усё намнога складаней. Адзін з кіраўнікоў АГП, былы афіцэр міліцыі, Мікалай Казлоў перакананы, што наяўнасць спойлераў развязвае рукі сілавікам для рэпрэсіўных дзеянняў у дачыненні да рэальных супернікаў, што мы і назіраем на гэтых выбарах. Але ёсць яшчэ адна прычына, па якой удзельнічаюць у выбарчай гонцы з прадказальным фіналам прэтэндэнты з “правільнай рыторыкай” і “апазіцыйнымі” палітычнымі праграмамі. Гаворка ідзе пра дыскрэдытацыю выбараў як інструмента змены ўлады. Іначай навошта ўсе гэтыя фокусы з подпісамі і гульнёй у “коткі-мышкі” з залежнымі прэтэндэнтамі? Гэта гучыць парадаксальна, але з такой жа мэтай арганізоўваецца маштабнае датэрміновае галасаванне па прымусе і збіраюцца подпісы з выкарыстаннем адміністрацыйнага рычагу. Калі чалавек загадзя разумее, што выбары – гэта фікцыя, то ён не будзе перажываць за іх вынік. Адпаведна, не будзе абараняць свой голас. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ