Чарговы прысуд у Віцебску: 10 сутак арышту Уладзіміру Кійко
Каардынатара Беларускага нацыянальнага кангрэсу па Віцебскай вобласці, сябра «Народнай грамады» Уладзіміра Кійко абвінавацілі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце 19-га ліпеня.
Паводле міліцэйскага пратаколу, у той дзень каля віцебскага гандлёвага цэнтра „Марка-сіці” прайшлі два мерапрыемствы: пікет па зборы подпісаў, рэгламентаваны выбарчым заканадаўствам, і несанкцыянаваны “ланцуг салідарнасці” з затрыманымі прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам. Уладзімір Кійко быў пакараны арыштам за тое, што “стаяў у ланцугу, пляскаў у ладкі”.
За падзеі амаль двухтыднёвай даўніны ён быў затрыманы ўчора ў райаддзеле міліцыі, распавёў брат актывіста Яраслаў Кійко:
– Яго ўчора выклікалі на размову, не патлумачыўшы нават, з якой нагоды. А другой гадзіне ён туды зайшоў і больш ужо не выйшаў. Мы чакалі яго гадзіны тры-чатыры, а потым патэлефанавалі нашай маці і сказалі, што ён затрыманы да суда. Сказалі, што суд будзе сёння раніцай. Мы прыйшлі раніцай у суд, зноўку чакалі, а працэс распачаўся толькі а трэцяй дня.
Суддзя Уладзімір Царыкаў вынес пастанову пра арышт, заявіўшы, што падсудны ўжо меў сёлета пакаранні за парушэнне артыкула 23.34 КоАП, але “не стаў на шлях выпраўлення”.
Судовы працэс праходзіў пад міліцэйскім наглядам, заўважае праваабаронца Ірына Траццякова:
– У судовай залі знаходзіліся чацвёра супрацоўнікаў і за дзвярыма – яшчэ двое супрацоўнікаў РАУС Кастрычніцкага раёна. Яны нібыта кантралявалі парадак падчас судовага пасяджэння. Што яны рабілі ў межах адміністрацыйнага працэсу, не зразумела. І суд пастанавіў накласці на Кійко адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышта на 10 сутак
У студзені гэтага года актывіст быў пакараны за ўдзел у віцебскай акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй: яму прысудзілі максімальна магчымы штраф памерам 1350 рублёў (50 базавых велічынь).
Падчас акцыі 19-га ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск