На ЦТ па беларускай мове 100 балаў набралі 78 абітурыентаў
100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове набралі 78 абітурыентаў, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.
Рэзультаты ЦТ па беларускай мове ўжо даступны абітурыентам у асабістых кабінетах на сайце РІКВ. „У цэлым абітурыенты даволі паспяхова справіліся з тэстам. У гэтым годзе значна больш стабальнікаў – 78 чалавек, у мінулым годзе іх было 42. Гэта значыць, што тэст цалкам для абітурыентаў даступны”, – сказаў Юрый Міксюк.
Паводле яго слоў, два чалавекі паказалі нулявы рэзультат.
Здаваць ЦТ па беларускай мове планавалі 18,6 тыс. чалавек, на экзамен не прыйшлі крыху больш за 6 працэнтаў абітурыентаў.
Цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі стартавала 25 чэрвеня з іспыту па беларускай мове. Усяго на ЦТ у Беларусі зарэгістраваліся больш за 64 тыс. чалавек. Наступнае ЦТ – па хіміі – пройдзе 8 ліпеня.