У Беларусі за апошнія суткі зноў зафіксаваны рост захворвання на COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 64.224 (+221 за апошнія суткі), памерла 443 чалавекі (+7), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За апошнія суткі прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, зноў вырас. У папярэднія суткі новых выпадкаў было 199 (сем смерцяў).

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 52.854 пацыенты (за апошнія суткі 952). Такім чынам, вылечылася больш за 80% тых, хто захварэў.

Праведзена 1.087.245 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 8.978.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку тых, хто захварэў па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

Паводле інфармацыі ведамства, з улікам аналізу захворвання COVID-19 у краіне праводзіцца паэтапнае вяртанне да звычайнай працы арганізацый аховы здароўя, якія былі перапрафіляваныя для аказання меддапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Частка ўстаноў аховы здароўя ў Мінску і рэгіёнах запрацавала ў звычайным рэжыме ўжо ў чэрвені.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што каранавірус прывёў „да псіхозу ўсю планету” і што сама хвароба ў пандэміі займае палову, астатняе — палітыка. 2 ліпеня, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды, ён падкрэсліў: „Мы не зніжаем градус барацьбы, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі”.

Гаворачы аб каранавірусе на сустрэчы з актывам Мінска 7 ліпеня, Лукашэнка заявіў: „Магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся”. Галоўным, паводле яго слоў, было не дапусціць панікі. „Мы гэта з вамі пераадолелі. І дай бог, каб далей паціху. Нам трэба паціху сысці ад гэтай бяды і не дапусціць паўторнай эпідэміі. Гэта для нас вельмі важна”, — сказаў ён.

belapan.by

Фота: МН