Падарожжы падчас пандэміі: Менскі аэраклуб



«Акула». «Лятаючая карова». Так ласкава называюць шматмэтавы транспартны верталёт Мі-26, які «адпачывае» у экспазіцыі менскага аэраклубу. У 1986 годзе верталёт удзельнічаў у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тыя кадры трапілі ў фільм «У небе Чарнобыля». На іх транспарціроўка тытанавага купалу вагой 9 тон скончылася няўдачай – купал да месца не данеслі, ён абарваўся і зваліўся з вышыні 300 метраў.

Побач з Мі-26 «прытуліўся» пасажырскі самалёт Як-40 у ліўрэі з нацыянальнай сімволікай. Ён выкарыстоўваўся для перавозак дзяржаўных дзеячоў у Беларусі і Латвіі.

Трэба адзначыць, што сваіх самалётаў Беларусь не вырабляе, аднак валодае сеткай заводаў па рамонце паветраных суднаў у Менску, Баранавічах, Воршы. Таму аб штодзённай працы Менскага авіярамонтнага заводу нагадвае адноўлены ў ім аднамесны франтавы рэактыўны знішчальнік Су-7БМ, пазначаны адмысловай таблічкай. Су-7 лічыцца самым аварыйным самалётам ВПС СССР пачатку 1960-х гадоў. Пры гэтым выкарыстоўваўся паветранымі сіламі Індыі і Егіпту для падаўлення лакальных канфліктаў.

У сувязі з канфліктамі, як не ўспомніць іншы экспанат – адзіны на ўсю Беларусь МіГ-25БМ. Гэта аднамесны звышгукавы самалёт прарыву СПА супраціўніка, з радыёэлектронным і агнявым прыгнётам сродкаў СПА. Міг-25БМ дыслакаваўся у Шчучыне. Пасля слугаваў вучэбным дапаможнікам у Менскім авіякаледжы. На момант паступлення ў  экспазіцыю пад адкрытым небам самалёт выпрацаваў толькі каля 20% прызначанага рэсурсу.

За дасуг дзяцей на тэрыторыі авіямузея адказвае «Кракадзіл». Такая мянушка дадзена шматмэтаваму ударнаму верталёту МІ-24П. Зараз машына даступная для тактыльнага агляду. І хаця з верталёту знята двуствольная гармата ГШ-30, аднак ветэранам гэтае паветранае  судна адразу ўзнаўляе ў памяці баявыя дзеянні ў Афганістане, Іраку, Іране, Чачэніі.

Другі самалёт – цалкам аддадзены пад самастойнае вывучэнне наведвальнікамі– лёгкі транспартны самалёт АН-2. Судна непасрэдна выкарыстоўвалася ў самім Менскім авіяклубе.

Асобнай ўвагі заслугоўваюць дэталі пікіруючага бамбардзіроўшчыка ПЕ-2 і, безумоўна, павільён «Космас», які прысвечаны касманаўтам з Беларусі, якія даследвалі космас.

Экспазіцыя авіятэхнікі Менскага аэраклубу працуе штодня, акрамя панядзелку.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск