Улады Менска адмовілі ў правядзенні мітынгу аб канстытуцыйным рэферэндуме



Менгарвыканкам апавясціў заяўнікаў мітынгу і сходу ініцыятыўнай групы па правядзенні канстытуцыйнага рэферэндуму аб недапушчальнасці дадзеных масавых мерапрыемстваў.

Паведамленне аб намеры правесці 12 ліпеня ў парку Дружбы народаў мітынг і сустрэчу ў Менгарвыканкам накіраваў лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. А ініцыятарам мерапрыемства выступае штаб Віктара Бабарыкі.

Па словах Казлова, Менгарвыканкам не дазволіў мітынг і сустрэчу на той падставе, што арганізатары не заключылі дамову з прадпрыемствам «Зелянбуд Савецкага раёна», якое павінна было наводзіць парадак на пляцоўцы правядзення масавага мерапрыемства пасля яго завяршэння. Мікалай Казлоў адзначыў, што ў адпаведнасці з заканадаўствам арганізатары заключылі пагадненні са службай хуткай медыцынскай дапамогі і міліцыяй. Была гатова і дамова з «Зелянбудам», аднак дырэктар прадпрыемства Галіна Банет дакумент не падпісала. Пры гэтым дамова ўжо была зарэгістравана, на ёй стаяла пячатка, удакладняе лідар АГП.

«Сутнасць таго, што адбываецца ясная: чыноўнікі паставілі мноства перашкод, каб пазбавіць людзей магчымасці быць пачутымі », – заявіў Мікалай Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя