Жаночая зборная Беларусі па гандболе даведалася супернікаў па кваліфікацыі ЧС-2021



Жаночая зборная Беларусі згуляе з камандамі Швейцарыі і Фарэрскіх Выспаў ў першым раўндзе кваліфікацыі чэмпіянату свету-2021.

Група 1: Славакія, Украіна, Ізраіль, Люксембург

Група 2: Паўночная Македонія, Ісландыя, Літва, Грэцыя

Група 3: Турцыя, Партугалія, Фінляндыя

Група 4: Аўстрыя, Італія, Косава

Група 5: Беларусь, Швейцарыя, Фарэрскія Выспы

Каманды правядуць аднакругавы турнір у кожнай групе. Матчы пройдуць 27-29 лістапада або 4-6 снежня. Па дзве лепшыя каманды з кожнай групы выйдуць у наступную стадыю адбору.

Джасурбек Яхшыбоеў перайшоў у „Шахцёр” на правах арэнды

Форвард Джасурбек Яхшыбоеў перайшоў з „Энергетыка”-БДУ ў салігорскі „Шахцёр”. Футбаліст з Узбекістана будзе выступаць за гарнякоў на правах арэнды да канца сезона. Правы на нападніка належаць „Пахтакору”, а першую палову вышэйшай лігі-2020 Яхшыбоеў правёў у складзе „Энергетыка”-БДУ. У 14 матчах чэмпіянату Беларусі-2020 футбаліст забіў дзевяць мячоў і аддаў тры выніковыя перадачы.

Тэрмін дзеяння трансфернага кантракта паміж „Шахцёрам” і футбольным клубам „Менск” адносна арэнды Уладзіміра Хвашчынскага падышоў да канца. Гулец вярнуўся ў размяшчэнне салігорскага клуба, пасля чаго дзеючая працоўная дамова была скасавана па пагадненні бакоў. Паводле інфармацыі «Прэсбола», Хвашчынскі працягне кар’еру ў менскім „Дынама”.

Генасамблея ААН зацвердзіла даты алімпійскага перамір’я

Алімпійскае перамір’е на час Гульняў у Токіо будзе выконвацца з 16 ліпеня па 12 верасня 2021 года. Рашэнне прынята Генасамблеяй ААН. Новыя тэрміны алімпійскага перамір’я звязаны з пераносам Гульняў у Токіо з 2020 на 2021 год у сувязі з пандэміяй каронавіруса. Алімпійскія гульні адбудуцца з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года. Традыцыя заключэння перамір’я на час спартовых спаборніцтваў зарадзілася ў Старажытнай Грэцыі ў VIII стагоддзі да н. э., яна дазваляла спартоўцам бяспечна прыбыць да месца спаборніцтваў, а затым вярнуцца дадому.

Міхаіл Семянюк перамог у анлайн-турніры па шашках-64

Міхаіл Семянюк перамог у анлайн-турніры па шашках-64. Ён набраў 12 балаў. Другая пазіцыя ў Ігара Міхальчанкі (11 ачкоў). Замкнуў тройку лідараў Арцём Ціханаў (10 пунктаў). У спаборніцтвах прынялі ўдзел 20 беларускіх шашыстаў, у тым ліку дзейсныя чэмпіёны свету па шашках-64 Яна Якубовіч і Ігар Міхальчанка.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: МН