Не плюй у крыніцу



Прымаўка “прыйдзе каза да ваза” атрымала новы сэнс ва ўмовах пандэміі. Прэзідэнт Бразіліі, які адмаўляў каронавірус, сам на яго захварэў. А самае цікавае, гэта не адзінкавы прыклад у сучаснай гісторыі. Можна прыдумваць новую прымаўку, кшталту: “прыйдзе каронавірус і да тых, хто не верыць”, альбо “можаш не верыць у каронавірус, але ён у цябе верыць”.

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару захварэў на каронавірус. У яго тэмпература 38 і слабасць. А яшчэ нядаўна ён настолькі не верыў у COVID-19, што ажно два міністры аховы здароўя сышлі ў адстаўку, паколькі выступалі за ўвядзенне абмежаванняў. Вірус у Бразіліі пачаў распаўсюд яшчэ ў лютым. Аднак гэта не перашкодзіла правесці вядомы карнавал. Сам прэзідэнт хадзіў на дэманстрацыі супраць каранціну. І не толькі хадзіў, але і заклікаў грамадзян удзельнічаць у падобных мерапрыемствах, крытыкаваў губернатараў, якія ўводзілі каранціны. У сваіх выступах прыраўніваў каронавірус да лёгкага грыпу, не носіў маску і ігнараваў рэкамендацыі СААЗ. Прэзідэнт Бразіліі не баяўся заразіцца, паколькі займаўся спортам, і выступаў за вяртанне футболу. І тут: каронавірус. І зусім не лёгкі грып, а з тэмпературай 38. Дарэчы, месяц таму памёр прэзідэнт Бурундзі Нкуркузіза, які таксама не верыў у каронавірус. Нягледзячы на тое, што ён памёр ад спынення сэрца, аднак ягоная жонка акурат хварэла на каронавірус. У любым выпадку, у вірусу да тых, хто адмаўляе COVID-19, больш сур’ёзнае стаўленне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ