Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. Два лагеры зноў абмяняліся абвінавачаннямі



У Польшчы ідзе падрыхтоўка да ІІ туру выбараў прэзідэнта. Старшыня партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі ў тэлеэфіры звінаваціў апазіцыю ў тым, што яна ўспрымае Польшчу як прыдатак да Нямеччыны.

На думку кіраўніка ПіС, пра гэта сведчаць словы пра аэрапорт у Берліне замест польскага. «Мы хочам быць вялікім еўрапейскім народам, а нашы супраціўнікі не хочуць, бо калі Польшча будзе вялікай еўрапейскай дзяржавай, іхнай эліце не будзе што сказаць», – заявіў Качыньскі.

Напаў на Рафала Тшаскоўскага і прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. „Пасля чэрвеня сітуацыя з бюджэтам значна лепшая, чым яе прагназаваў Тшаскоўскі, а таксама ягоныя сябры Лешэк Бальцэровіч і Яцэк Растоўскі. А таксама становішча з фінансамі перасягнула нават прагнозы Еўразвязу. Польшча хутчэй за ўсіх на кантыненце аднаўляецца ад крызісу”, – заявіў Маравецкі.

У сваю чаргу Рафал Тшаскоўскі сказаў, што ў нядзелю ў палякаў будзе вызначальны момант. Перамога Анджэя Дуды дасць у рукі Яраслава Качыньскага адзінаасобную ўладу, пры якой апанентам у будучыні будзе ўжо цяжка выйграць выбары, правы незалежных медыяў абмяжуюць, як і правы самаўрадаў.

Беларускае Радыё Рацыя