Віктар Янчурэвіч: Магчымыя санкцыі Еўразвязу хутчэй будуць кропкавымі
На паседжанні Еўрапарламенту ў Бруселі пры абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі прагучалі рэзкія ацэнкі перадвыбарчых рэпрэсіўных дзеянняў беларускай улады. Па словах намесніка старшыні Руху „За Свабоду” Віктара Янчурэвіча, тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, не ўпісваецца ні ў якія дэмакратычныя стандарты. Улада перайшла ўсе межы і распачала адкрыты палітычны пераслед сваіх апанентаў.
Віктар Янчурэвіч нагадвае, што за апошнія гады паміж беларускім рэжымам і Еўразвязам пачалі паляпшацца адносіны і натуральна, што ў гэтым працэсе былі пэўныя плюсы для Беларусі. Аднак зараз гэтая адліга зноў пад пытаннем.
– Я б не сказаў, што так проста ўзяць і прыняць рашэнне пра вяртанне зноў-такі да палітыкі санкцый. Хутчэй за ўсё на сённяшні дзень падобныя заявы трэба расцэньваць як папярэджванні для ўлады Беларусі і магчыма персанальна для Аляксандра Лукашэнкі, што ўсё ж такі падчас выбарчай кампаніі трэба прытрымлівацца пэўных дэмакратычных працэдураў і не саджаць у турму сваіх апанентаў, якія вырашылі пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла.
Калі жорсткі сцэнар усё ж працягнецца, то Еўразвяз будзе вымушаны карэктаваць сваю палітыку адносна беларускіх уладаў. Але з улікам таго, што вяртанне да палітыкі санкцыяў можа падштурхнуць беларускія ўлады да паглыблення інтэграцыі на ўсходнім вектары. Таму, па меркаванні Віктара Янчурэвіча, магчымыя санкцыі будуць насіць кропкавы характар і закрануць асобаў, датычных да рэпрэсіяў і фалісфікацыяў выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з „УКантакце”