Партрэт Лукашэнкі ў музеі
У 1998 годзе пачула, што хутка ва ўсіх дзяржустановах прымусяць вешаць партрэты Лукашэнкі і будуць правяраць выкананне.
Напэўна, ўжо і павесілі да 1998 года амаль паўсюль, але заставаліся выспы без партрэтаў. Ва ўсіх установах – значыць і ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча таксама павесяць партрэт.
Гэта было апошняй кропляй да майго рашэння звальняцца.
Можа гэта і смешна, але я не ўяўляла працу пад партрэтам Лукашэнкі. Можна сказаць – “не звяртай увагу”. Не звяртаць увагу можна на шмат што, можна заткнуць вушы, заплюшчыць вочы і падладзіцца пад агульную гульню.
Мяне і цяпер палохаюць гэтыя партрэты на продажах пры ўваходзе ў кнігарні – вялікія, маленькія і сярэднія.
У музеі не было партрэтаў „важдзя”.
Да 1998 года ў нас ў фае музеі над раялем быў размешчаны вялікі бел-чырвона-белы сцяг пад якім супрацоўнікі музея ў дзень народзінаў і дзень смерці ішлі ўшаноўваць памяць Максіма Багдановіча да помніка каля Опернага тэатра.
Партрэт Лукашэнкі ў музеі Багдановіча мне давялося пабачыць у 2000-ыя – маленькі ў драўлянай рамцы на антыкварным пісьмовым стале ў працоўным кабінеце, дзе я раней працавала:
– Ого, – сказала я.
– І яго можна і так, – і супрацоўніца перавярнула яго тварам да стала, – і так.
Можна.
Можна па ўсялякаму.
Можна і вялікі партрэт на сцяне – у музеі таталітарызму.