На XIV з’ездзе Саюза кінематаграфістаў старшыня і праўленне так і не абраны
16 лютага, у менскім кінатэатры “Масква”, дзе адбываўся 14 з’езд Беларускага Саюза кінематаграфістаў, так і не было абранае праўленне ды старшыня. Нягледзячы на прысутнасць міністра культуры Барыса Святлова, запланаваная наменклатурная, “ціхамірная” хада з’езда была сарваная асобнымі выступамі ў спрэчках. Падвергся моцнай крытыцы і распрацаваны па запыту ўрада праект стратэгіі кінавідэагаліны Беларусі на 2015-2020 гады.
Справаздачу са з’езда пачынае Віктар Васільеў, старшыня праўлення, актор: – Саюз кінематаграфістаў праводзіць па 10 мерапрыемстваў у год па выхаванню моладзі. Бярэ ўдзел у мерапрыемствах Менгарвыканкама і Першамайскага выканкама. Падтрымлівае праграму “Памяць вогненных гадоў” да гадавіны Вялікай Перамогі, арганізоўвае творчыя вечарыны…
Віктар Васільеў
Выходзіць Барыс Святлоў, міністр культуры РБ: – Не буду ўнікаць зараз, наколькі глыбока, па ватэрлінію, пагрузіўся наш кінакарабель. Міністэрства рабіла тое, што магло – унесла папраўкі ў заканадаўства аб кінематаграфіі. Але фінансы граюць рамансы – калі ў 2012 мелі 90 мільярдаў на падтрымку кінематографа, дык у 2015, нягледзячы на інфляцыю, толькі 60…
Барыс Святлоў
Кінарэжысёр Аляксандр Карпаў наўпрост заддае пытанне міністру:
– Тут прысутнічае дырэктар “Беларусьфільма” Сільвановіч. Ці захаваецца далей тэнэнцыя, калі гадамі на грошы нашых падаткаплацельшчыкаў, што выдзяляюцца Міністэрствам культуры, будуць працаваць расейскія рэжысёры, драматургі, аператары?!
Барыс Святлоў: – Гэта заўжды была вялікая праблема – колькі “нашых” здымаецца на пляцоўках “Беларусьфільма”. Насамрэч, прававая сітуацыя дазваляла, каб масквічоў магчыма было падтрымліваць – мо і першачаргова. Збіраемся пакласці гэтаму канец. Нашы юрысты ўжо працуюць над папраўкамі і ва ўказ прэзідэнта, а таксама адпаведныя пастановы Саўміна. Фільмы, што здымаюцца на нашай зямлі, мусяць на “Беларусьфільме” здымацца першачаргова.
Сяргей Шынкевіч, гукарэжысёр з 25-гадовым стажам працы ў кіно, просіць ўзняць рукі тых дэлегатаў, якія ў працаздольным узросце зараз працуюць у рэальным кінематографе. Бачныя ўсяго з дзесятак. Выступоўца кажа:
– У СМІ сфармаванае меркаванне, што ў нашым кінематографе ўсё “ціп-топ”. Балазе, збіраецца “Комсомольская правда” напісаць пра наша становішча – каго запрашаюць адказаць на няпростыя часам пытанні? Алега Ігаравіча Сільвановіча! Але чаму тады не заняты я, знакамітыя рэжысёры, вопытныя мастакі, аператары? У нас абсалютна не развіты інстытут кінапрадзюсарства. Я на гэтую “пасаду” прапаную сябе! І расказваю схему, па якой збіраюся працаваць. Прапаную смету таму ж Мінкульту на млн даляраў. Калі грошы выдзеляць, палову тут жа вяртаю назад. Пасля гэтага наняты Туровіч здыме ў мяне за 20 тысяч “зялёных” кіно, што пракатаю ў айчынных кінатэатрах. Здымачная група атрымае пастановачныя ўзнагароды. І ўсе будуць у шакладзе! Бо ў Сільвановіча фільм знялі, млн патрацілі, пасля на паліцу і – забылі. Я абяцаю вам законны “адкат”! (агульны смех )
Сяргей Шынкевіч
Дзмітрый Зайцаў, рэжысёр 26 кінафільмаў, а таксама апошняга – “Хам” па аднайменнаму твору Элаізы Ажэшкі, які ўжо ўзяў міжнародны прыз : – Як мне сказалі шэптам, Васільеў “зверху” практычна пераабраны на наступны тэрмін. Пра якую свабоду слова ў Саюзе можна казаць?! Бо, ведаю, што ён прыходзіў на здымкі кіно і казаў – “а я старшыня праўлення Саюза кінематаграфістаў” . І яго бралі! Думаю, многія за тое, каб яго пераабраць. Рэальнай працы ў папярэднія гады не было. Я прапаную перагледзець усю структуру існавання Саюза і кінастудыі, без якой я, прапрацаваўшы тут 50 год, сябе не ўяўляю. Мы, касцюмеры, такелажнікі – кроватворныя сасуды, сэрца – дырэктар. Таму ў нас зараз ІНФАРКТ! А як яшчэ назваць сітуацыю, калі ў гільдзію кінаактораў паступае заява рэжысёра прынятага праекта, што Сільвановіч без тлумачэння прычын ірве заяву на працу аператара, з якім творца прайшоў агонь і ваду, і прапануе, як той казаў “па блату”, нейкага “свайго”, нікому невядомага? Такога нечуванага сваволля, няўвагі да патрэбаў супрацоўнікаў я нават не памятую! Хоць на маім вяку змянілася з дзясятак начальнікаў. І чаму пры мінімальнай колькасці грошай запускаюцца карціны з нікому невядомымі дэбютантамі? Дзе зараз сфармаваны некалі Заметаліным дзесятак маладых “геніяў”? Затое знайшліся грошы, без усялякіх конкурсаў ды кастынгаў, на чарговую “сагу” пра міліцыю. І чаму той жа Сільвановіч у свае шматлікія вандроўкі ў тую ж Францыю не ўзяў з сабой рэжысёраў паглядзець-павучыцца? Трэба пачынаць з галавы, каб намі не кіравалі такія людзі! (агульныя воплескі )
Дмітрый Зайцаў
На з’ездзе прайшла інфармацыя пра тое, што дырэктар “Беларусьфільма” Алег Сільвановіч падаў заяву на ўласнае звальненне, якую пакуль не прынялі. Цяперашні кіраўнік саюза Віктар Васільеў непераабраны. У чацвер з раніцы запланаванае дадатковае паседжанне 14 з’езда грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз кінематаграфістаў”. Нагода – абранне дэлегатамі праўлення ды старшыні.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя