Праваабаронцы: Умовы выбарчай кампаніі не адпавядаюць міжнародным стандартам



Створаныя ўладамі Беларусі ўмовы выбарчай кампаніі не адпавядаюць міжнародным стандартам правядзення справядлівых дэмакратычных выбараў. Такая ацэнка ўтрымліваецца ў аналітычнай справаздачы кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле вынікаў назірання за ходам прэзідэнцкай кампаніі 6—12 ліпеня.

Справаздача апублікаваная на сайце spring96.org.

Як адзначаюць аўтары даклада, адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, ужо фактычна пачаў актыўную агітацыйную кампанію з выкарыстаннем дзяржаўных СМІ і рэсурсу выканаўчай вертыкалі ўлады.

Міжнародныя арганізацыі, гаворыцца ў справаздачы, працягваюць заклікаць улады Беларусі спыніць распачатыя рэпрэсіі і правесці справядлівыя выбары. Некаторыя дэпутаты Еўрапарламента выказваюць меркаванне аб неабходнасці аднаўлення санкцый да Беларусі ў выпадку адмовы вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Тым не менш, заяўляюць „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, улады працягваюць палітыку прымянення рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, блогераў, палітычных актывістаў. „Колькасць палітычных зняволеных у краіне дасягнула 24 чалавек. Колькасць затрыманых ад моманту пачатку выбарчай кампаніі склала як мінімум 703 чалавекі, з іх 129 былі падвергнутыя адміністрацыйным арыштам і 252 — аштрафаваныя”, — паведамляюць аўтары справаздачы.

Паведамляецца таксама, што Беларускі Хельсінкскі камітэт атрымаў адказ з ЦВК на зварот з прапановамі, скіраванымі на павелічэнне празрыстасці выбарчага працэсу, у тым ліку працэдур падліку галасоў. „Дадзеныя прапановы былі падрыхтаваныя экспертамі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” з улікам рэкамэндацый БДІПЧ АБСЕ. Аднак ЦВК адмовілася ўрэгуляваць дадзеныя прапановы, адказаўшы, што гэта патрабуе ўнясення зменаў у Выбарчы кодэкс”, — канстатуюць праваабаронцы.

Кампанію „Праваабаронцы за свабодныя выбары” праводзяць пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна” і рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб`яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”.

belapan.by