Нацыя паэтаў
Гісторыя, што перыядычна паўтараецца, робіцца традыцыяй. І калі аднаго чалавека за верш звольнілі з працы, гэта дзіўная выпадковасць. Калі ж аднаго за другім людзей звальняюць з працы па прычыне любові да паэзіі, то гэта ўжо сталы алгарытм.
Выпадковасці і супадзенні збіраюцца разам – у выніку маем мастацкае палатно пад назвай “Нацыя паэтаў”. Паэзія і мастацтва непарыўна звязаныя. І ў нашых шэрых шыротах карціна робіцца нагодай для верша, а верш – натхненнем для перакладчыка!
Ваша імя – цьвёрды лоб, што праломіць цэглу.
Аляксандр – “ахоўнік”: каб стада ня зьбегла!
Кіраўнік, а назаўтра – насельнік пекла,
Родзячы мемы, парад свой ладзіць нягегла.
Вам і няўцям, што прычынай нашага гневу.
Ворагі ўсюды вам бачацца: справа, зьлева…
Андрэй Хадановіч шыкоўна перастварыў верш Мікіты Моніча, якога вымусілі звольніцца з Нацыянальнага мастацкага музея з-за дадзеных радкоў, змешчаных у фэйсбуку. Раней была гсторыя з філолагам і пісьменніцай Ганнай Севярынец, якой не працягнулі кантракт у Смалявіцкай гімназіі. Таксама з-за верша.
І ў кожным выпадку начальства перастрахавалася. Ніхто зверху не тэлефанаваў і не казаў: “Звальняйце гэтых ненадзейных таварышаў!” Але патэлефанаваць маглі. Маглі падумаць… Маўляў, дрэнна вы выхоўваеце кадры, не сочыце за інтарэсамі дзяржавы! Таму прасцей перастрахавацца. Звольню я – не звольняць мяне! Гэта як з даносамі. Даўлатаў лічыў, што іх было чатыры мільёны… А можа, яшчэ больш?
Нацыя паэтаў піша вершы… Вершы натхняюць іншых.