Віктар Сазонаў: Гарадзенскія суды – палітычна матываваныя
У Гародні ў судзе Ленінскага раёну адбыліся судовыя паседжанні, на якіх прысутнічаў праваабаронец Віктар Сазонаў.
Праваабаронца лічыць дадзеныя суды фарсам:
– Фарс узмацняецца, такога яшчэ не было нават на ўзроўні гэтых фарсаў, якія мы бачылі цягам многіх гадоў. Пратакол, альбо тое, што міліцыя назвала пратаколам, паперка гэтая аказалася не падпісанай. Гэта па сутнасці ананімка. Яе нават тут не падпісалі. Чалавека судзілі паводле нейкай паперкі, паводле нейкай ананімкі, якая была ні кім не падпісаная. Хоць міліцыя яе і называе пратаколам. Але сапраўдны пратакол мае свае асаблівасці, якія паказваюць на тое, што гэта праўдзівы пратакол, і як мінімум – гэта подпіс таго, хто яго складаў.
На думку Віктара Сазонава, суды ў Гародні робяцца ўсё больш і больш палітычна матываванымі.
– Нават зараз Ежы Грыгенчу не забіраюць. І зразумела, што адбываць пакаранне яго забяруць тады, калі трэба, а менавіта калі пачнуцца выбары, ці калі людзі задумаюць зрабіць яшчэ адзін ланцуг салідарнасці. Гэта гаворыць пра палітычны заказ усёй гэтай справы.
Цягам апошняга месяца ў Гародні былі прысуджаныя да вялікіх штрафаў сябры каманды Святланы Ціханоўскай. А 13 ліпеня ў Ленінскім судзе Гародні да першых 10 сутак быў прысуджаны сябра АГП Ежы Грыгенчу.
Беларускае Радыё Рацыя