Штаб Цапкалы разлічвае „адваяваць” 40 тыс. забракаваных выбаркамамі подпісаў



Штаб прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы разлічвае „адваяваць” 40 тыс. подпісаў, забракаваных падчас праверкі тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі. З улікам прызнаных сапраўднымі 75 тыс. подпісаў у падтрымку вылучэння Цапкалы на вышэйшую дзяржаўную пасаду гэта дазволіць пераадолець бар’ер 100 тыс. подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам, паведаміў прадстаўнік штаба падчас анлайн-прэс-канферэнцыі 13 ліпеня.

9 ліпеня ЦВК дала штабу кандыдата доступ да высноў тэрвыбаркамаў па выніках праверкі подпісаў. Атрымалася адсканаваць больш за 10 тыс. подпісаў, прызнаных несапраўднымі. Калі ўдасца даказаць памылкі выбаркамаў, гэта дазволіць прызнаць 40 тыс. подпісаў і пераадолець 100-тысячны бар’ер, упэўненыя ў штабе.

Тэрвыбаркамы прызналі ўсе подпісы за Цапкалу сапраўднымі, аднак у 94,36% забракаваных подпісаў дата быццам бы была прастаўленая „другой рукой” (дату і подпіс павінен ставіць сам грамадзянін).

Зафіксавана „велізарная колькасць парушэнняў у працы тэрытарыяльных выбарчых камісій і яснае разуменне таго, што для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы няма ніякай прававой асновы”, заявіў прадстаўнік штаба. 13 ліпеня ў ЦВК накіраваная скарга на працу тэрвыбаркамаў з больш чым 1.000 заяў грамадзян, подпісы якіх былі прызнаныя несапраўднымі. Усяго праз спецыялізаваны сайт сабрана больш за 50 тыс. заяў грамадзян, якія вырашылі абараніць свае подпісы.

Валерый Цапкала нагадаў, што ў яго падтрымку было сабрана каля 220 тыс. подпісаў, з якіх на праверку было аддадзена каля 160 тыс. На яго думку, ЦВК павінна заявіць, што грамадзяне сапраўды паставілі свае подпісы, а іх экспертыза праводзілася не па правілах. „Па сутнасці і па форме мы ўсё зрабілі правільна і акуратна. І памылкі дапусцілі не мы, а члены тэрытарыяльных выбарчых камісій”, — сказаў прэтэндэнт.

„Самае галоўнае пытанне, на якое мы заўтра павінны пачуць адказ: ці дзяржава бачыць наогул у нас людзей? Ці лічыць яна ў нас людзей за людзей? Або для іх кожны чалавек — гэта не больш чым кручок, не больш чым нейкая фармальная коска або клякса, або кропка? І клякса, коска і кропка для іх больш важныя, чым волевыяўленне выбаршчыкаў?”— сказаў Цапкала.

У штабе прэтэндэнта таксама адзначылі, што, насуперак рэкамендацыям ЦВК не чапляцца падчас праверкі подпісаў, „можна канстатаваць факт, што камісіі менавіта чапляліся” да подпісаў за Цапкалу і за Віктара Бабарыку.

Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты на падставе праверкі подпісаў за іх вылучэнне і дэкларацый аб даходах ЦВК абвесціць 14 ліпеня. Калі Цапкала не будзе зарэгістраваны, ён абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе, а яго штаб будзе „праводзіць тыя актыўнасці, якія ўжо запланаваныя”. „Набор гэтых актыўнасцяў будзе залежаць ад спіса зарэгістраваных кандыдатаў”, — адзначыў прадстаўнік каманды прэтэндэнта.

belapan.by