Штаб Бабарыкі: Прэтэнзій да дэкларацыі аб даходах не было



У дзяржаўных органаў, якія правяралі дакладнасць інфармацыі, прадстаўленай у дэкларацыі аб даходах прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі, не было да яе прэтэнзій. Гэта вынікае са звестак, абнародаваных падчас стрыму 13 ліпеня юрыстам штаба экс-банкіра Максімам Знакам.

„Сёння я разам са сваімі калегамі быў у Цэнтральнай камісіі [па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў], — сказаў ён. — На падставе даверанасці мы знаёміліся з матэрыяламі праверкі тых дакументаў, якія падаваліся для рэгістрацыі [Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты]. Нам далі гэтыя дакументы, мы ўбачылі запыты і адказы, якія прыйшлі з усіх упаўнаважаных дзяржаўных органаў. Правяралася інфармацыя, якая была прадстаўленая пры падачы дакументаў на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”.

„Ва ўсіх адказах ад упаўнаважаных органаў утрымліваецца тая ж інфармацыя, якая была ў дэкларацыі, пададзенай Віктарам Дзмітрыевічам. Ніякіх дадатковых не адказаных запытаў няма, паводле інфармацыі, якую нам перадалі ў Цэнтральнай камісіі, таму мы чакаем заўтрашняга дня. У 11.00 будзе пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, я буду там прысутнічаць. З улікам таго, што я агучыў, спадзяюся, што ў нас не будзе ніякіх сюрпрызаў і будзе прынятая пастанова аб рэгістрацыі ўсіх тых асоб, якія выканалі патрабаванні, у якасці кандыдатаў у прэзідэнты”, — заявіў юрыст штаба Бабарыкі.

На пытанне, ці будзе час для выпраўлення дэкларацыі аб даходах, калі яе забракуюць, Знак адказаў, што выбарчае заканадаўства такой магчымасці не дае. „Але на гэты момант, зыходзячы з тых адказаў дзяржаўных органаў, якія знаходзяцца ў матэрыялах Цэнтральнай камісіі, звесткі, выкладзеныя ў дэкларацыі, пацверджаныя, — паўтарыў ён. — Ёсць неістотныя — у межах 200 рублёў і нейкай колькасці долараў —разыходжанні ў суме гадавога даходу, але гэта ніяк не ўплывае, таму што істотным лічыцца разыходжанне большае за 20%”.

„Таму, па меншай меры цяпер, мы не бачым падстаў для таго, каб якія-небудзь заўвагі па дэкларацыі выстаўляліся”, — дадаў Знак.

14 ліпеня па выніках пасяджэння Цэнтрвыбаркама стане вядома, ці будзе Віктар Бабарыка зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты. Паводле паведамлення яго штаба, за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты сабрана і верыфікавана 435.119 подпісаў — абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных прэтэндэнтаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Аднак у сувязі з арыштам Бабарыкі і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы ў выбаркамы ўдалося здаць толькі 364.365 подпісаў. З іх ЦВК прызнала сапраўднымі 165.744. Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты неабходна сабраць 100.000 подпісаў.

18 чэрвеня Віктар Бабарыка і яго сын і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Эдуард былі затрыманыя па падазрэнні ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў. Абодва знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Выбары прэзідэнта прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by