Чатырнаццаць дзён каранціну



Такі перыяд часу неабходны беларусам для праходжання каранціну па прыездзе ў Польшчу. Праз беларуска-польскую мяжу цяпер могуць праехаць тыя, хто мае нацыянальную або працоўную візу.

Роўна адзін дзень пасля перасячэння беларуска-польскай мяжы даецца на тое, каб даехаць да месца праходжання каранціну, – распавяла спадарыня Наталля:

– Гэта была пятніца, мы ехалі з Берасця цераз Цярэспаль на сваім аўтамабілі, трэба было вельмі трапіць у Польшчу. На беларускай мяжы, так званай «экалогіі» нікога не было, пуста, нават шлагбаумы адкрытыя. Мы спакойна праехалі, на выедзе мужчына падышоў, запісаў нумары, і мы паехалі. Беларуская мяжа таксама пустая. Ехалі па аўтобуснаму каналу, перад намі была толькі адна машына, напэўна, ехаў дальнабойнік. Хутчэй за ўсё кіроўца ехаў са сваімі рэчамі на працу.

Да якога часу ў адносінах да беларускіх грамадзянаў будуць ужывацца каранцінныя меры і калі з краінай-суседкай адчыняцца межы – адказ на такое пытанне пакуль што ніхто не агучвае. Перасякаць беларуска-польскую мяжу без праходжання каранціну могуць выключна грамадзяне Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя