У Пінску з’явіцца «пёсакафэ»
Ідэю пінскіх абаронцаў жывёлаў падтрымалі на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і выдаткавалі на рэалізацыю 4 тысячы рублёў. Гэта будзе аб’ект грамадскага харчавання, наведваючы які магчыма выбраць гадаванца, і 20% ад кожнага продажу будзе ісці на патрэбы бадзяжных чацвераногіх.
Слушная ініцыятыва, бо вельмі цяжка знаходзіць гаспадароў для бадзяжных сабак, – кажа старшыня пінскага аб’яднання «Абарона жывёл» Алена Рамановіч:
– Праблема бадзяжных жывёлаў – гэта праблема адказнасці чалавека. Вельмі шмат бадзяжных жывёлаў – гэта былыя гаспадарчыя, тыя ж сабакі. У нас вельмі папулярна ў Беларусі адпускаць жывёлаў на самавыгул са двара, каб яны пабегалі. А сабакі губляюцца, іх адлоўлівае «адлоў», і там вельмі шмат гаспадарчых сабак. І толькі за адзінкамі прыходзяць гаспадары, а астатнія застаюцца, і ім спрабуюць знайсці дом. А ўладкоўваюцца сабакі вельмі цяжка.
Пры паспяховай рэалізацыі ініцыятывы пінскае «пёсакафэ» стане першым у Беларусі. Каардынацыяй праекта займаецца ягоная аўтарка, кіраўнік установы «Адданасць сябру» Таццяна Шуман.
Беларускае Радыё Рацыя