COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Перамога Анджэя Дуды на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы, у Злучаных Штатах у спісы выбарцаў запісалі ката.
Якія яшчэ тэмы сёння ў фокусе сусветнай прэсы, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:
– Амерыканец Рон Цімс знайшоў у сваёй паштовай скрыні заяўку на рэгістрацыю ў якасці выбарніка на выбары прэзідэнта ЗША Кодзі Цімса. Не было б у гэтым нічога дзіўнага, калі б не той факт, што Кодзі Цімс – кот Рона, які памёр ужо 12 гадоў таму, інфармуе AP. Цімс, жыхар Атланты, узгадвае, што Кодзі быў «выдатным катом, якога любіла сям’я і суседзі». «Яму было 18, калі ён пайшоў з жыцця», – дадаў ягоны гаспадар. Рон Цімс прызнаўся, што здзівіўся, убачыўшы, што праз 12 гадоў пасля смерці Кодзі атрымаў ліст. «Паколькі яны спрабуюць рэгістраваць катоў, я магу толькі здагадвацца, каго яшчэ яны спрабуюць зарэгістраваць. Мабыць, яны спрабуюць таксама ўнесці ў выбарчыя спісы сабак, мышэй і змей?» – спытаў ён. У кабінеце сакратара штату Джорджыя запэўніваюць, што заяўка на рэгістрацыю ката на выбарах пайшла не з іх штабу. У заяве ведамства гаворыцца, што нейкая знешняя кампанія, напэўна, спрабавала атрымаць дадзеныя ад незарэгістраванага выбарніка. Кабінет сакратара таксама гарантуе, што нават калі Кодзі быў бы жывы і зарэгістраваны ў дзень выбараў, ён не мог бы прагаласаваць, бо не меў бы пасведчання асобы. Уладальнік ката ў інтэрвʼю тэлеканалу WAGA-TV заявіў, што калі ягоны кот мог бы прагаласаваць, ён бы прагаласаваў за Дэмакратычную партыю, бо ён «дэмаКОТ».
Большасць іспанцаў не выязджаюць за мяжу з-за каронавірусу гэтым летам, таму ў Харватыі іх можа быць значна менш іх, чым у папярэднія гады. Каля 70% іспанцаў маюць намер правесці адпачынак у сельскай мясцовасці ці ў гарадах сваёй краіны, гаворыцца ў даследаванні, падрыхтаваным парталам, які спецыялізуюцца на сельскім турызме EscapadaRural.com. З 10 000 рэспандэнтаў 52% сказалі, што змянілі свае планы з-за каронавірусу, і яны замест гэтага паедуць у іншую частку Іспаніі. 21-гадовая Паўла Каскан з Барселоны зэканоміла грошы, каб падарожнічаць у Спліт і атрымліваць асалоду ад узбярэжжа Далмацыі, але яе план праваліўся, таму яна паедзе з маці ў вёску Бенафарс, дзе 86 жыхароў. Гэтая вёска, вядомая сваімі палямі лаванды, знаходзіцца ў глыбіні Іспаніі. У 2019 годзе 315 000 іспанцаў наведалі Харватыю.
«Для нас было няпроста арганізаваць паездку ў Харватыю, але няма сэнсу марнаваць столькі грошай, каб паехаць туды, дзе мы можам не ўбачыць усіх патрэбных нам месцаў з-за санітарных захадаў», – сказала Каскан у інтэрвʼю «El Pais». Любімымі месцамі Харватыі для іспанцаў, як піша газета, зʼяўляюцца Дуброўнік, Заграб, Спліт, Хвар і Плітвіцкія азёры.
Анджэй Дуда перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы, пасля таго, як вынікі, апрылюдненыя ў панядзелак раніцай, далі дзейнаму прэзідэнту 51,2% галасоў пры амаль усіх падліковых бюлетэнях, піша «The Guardian».
Удзень панядзелка Тшаскоўскі прызнаў паразу, падзякаваўшы сваім прыхільнікам за самаадданасць і павіншаваў Дуду з перамогай. «Магчыма, гэты тэрмін сапраўды будзе іншым», – напісаў ён у Twitter. Дуда вёў агрэсіўную кампанію, у якой абяцаў падтрымаць «сямейныя каштоўнасці» і часта выкарыстоўваў гамафобную рыторыку, піша газета. Яго перамога дасць кіруючай партыі «Права і справядлівасць» (PiS) кантроль над большасцю рычагоў улады яшчэ на некалькі гадоў, што дазволіць ёй працягваць уласны парадак дня, які паставіў пад сумнеў вяршэнства закону і незалежнасць судоў, паклаўшы Польшчу на курс сутыкнення з Еўразвязам.
«Я не хачу гаварыць ад імя супрацоўнікаў кампаніі, але лічу, што гэтая розніца дастаткова вялікая, што мы павінны прыняць вынік», – сказаў Гжэгаж Схетына, былы кіраўнік апазіцыйнай партыі »Грамадзянская платформа«. Дадзеныя апытанняў на выхадзе з участкаў паказалі, што краіна разбіта па розных напрамках: Тшаскоўскі набраў больш галасоў сярод маладых выбарнікаў, у буйных гарадах і на захадзе краіны, а базу Дуды складалі выбарнікі старэйшага ўзросту, а таксама невялікія гарады і вёскі, дзе традыцыйна папулярная дзяржаўная фінансавая падтрымка і кансерватыўная сацыяльная палітыка, таму ПіС тут заўсёды мае папулярнасць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: dreamstime.com