Валерый Цапкала таксама не зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты



Былы дыпламат, чыноўнік, экс-дырэктар Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала не зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Асноўная прычына адмовы ў рэгістрацыі – адсутнасць 100 тысяч подпісаў, якія ЦВК прызнала сапраўднымі. 

Такое рашэнне прыняла 14 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Алена Дмухайла паведаміла, што сапраўднымі прызнаныя 78.228 подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты, у той час як Выбарчым кодэксам і Канстытуцыяй устаноўлена, што для вылучэння неабходна не менш за 100 тыс. подпісаў. Недабор неабходнай колькасці подпісаў, паводле яе слоў, з`яўляецца „безумоўнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі”.

Дмухайла прывяла падрабязныя звесткі па праверцы дакладнасці подпісаў па абласцях, каб растлумачыць, чаму атрымалася так, што за вылучэнне Цапкалы здалі 158.682 подпісы, а „ў выніку атрымалася такая лічба”. Яна падкрэсліла, што ў Цэнтральнай камісіі няма падстаў сумнявацца ў правільнасці правядзення праверкі.

Сакратар ЦВК таксама паведаміла, што пры праверцы дэкларацыі аб даходах жонкі прэтэндэнта — Веранікі Цапкалы — была выяўленая неістотная неадпаведнасць. Разам з тым, падкрэсліла яна, жонка прэтэндэнта не паказала ў дэкларацыі акцыі „Прыёрбанка”, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам з`яўляецца падставай для прыняцця Цэнтрвыбаркамам рашэння аб адмове ў рэгістрацыі.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паведаміла, што ЦВК не можа выдаваць інфармацыю аб колькасці акцый, якімі валодае Вераніка Цапкала, але заявіла, што гэта „немаленькая колькасць”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Цапкалы Андрэй Ланкін заявіў, што штаб прэтэндэнта „зафіксаваў значную колькасць фактаў парушэння Выбарчага кодэкса, якія былі падрабязна выкладзеныя ў скарзе ў адрас кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама”. „Паводле нашай ацэнкі больш за 50 тысяч подпісаў былі прызнаныя несапраўднымі на падставе нейкага даследавання Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якое не мае ніякай юрыдычнай сілы”, — сказаў ён.

Ярмошына на гэта адказала, што даследаванне праводзілі спецыялісты, у працы якіх у ЦВК няма падстаў сумнявацца.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота 6tv.by