Цэнтрвыбаркам правёў рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі



Святлана Ціханоўская зарэгістраваная кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняла 14 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Ціханоўская прыняла рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта пасля таго, як ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы яе мужа — папулярнага блогера (youtube-канал „Краіна для жыцця”) Сяргея Ціханоўскага. Ён заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, але не змог асабіста падпісаць пададзеныя ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, бо ў той момант адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года. Святлана Ціханоўская, заявіўшы пра свой намер удзельнічаць у выбарах, зрабіла мужа кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы.

29 траўня на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты ў Гродне адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў. Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы. Ён абвінавачваецца на падставе двух артыкулаў КК — 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 191 (перашкода выбарам). Блогер утрымліваецца ў СІЗА № 1 Мінска. Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнямі.

Пра Святлану Ціханоўскую вядома, што ёй 37 гадоў. У інтэрв’ю СМІ яна расказвала, што нарадзілася ў Мікашэвічах (Лунінецкі раён Берасцейскай вобласці), скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (Гомельская вобласць) па спецыяльнасці „Выкладчык англійскай і нямецкай моў”. Пасля ВНУ працавала перакладчыкам, сакратаром. Затым была ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе двух дзяцей.

Паводле слоў Ціханоўскай, яна ніколі не цікавілася палітыкай і вырашыла ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта толькі дзеля таго, каб яе муж меў легальную магчымасць сустракацца з людзьмі ў межах перадвыбарнай кампаніі.

***

Дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2020 года. Такое рашэнне прыняла 14 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Цяперашняя кампанія — шостая, у якой бярэ ўдзел Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка нарадзіўся 31 жніўня 1954 года ў г.п. Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У 1975 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут, у 1985 годзе — Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

У 1975—1977 гадах — інструктар палітаддзела Заходняй пагранічнай акругі. У 1977—1978 гадах — сакратар камітэта камсамола аддзела харчгандлю Магілёва, інструктар Кастрычніцкага райвыканкама Магілёва. У 1978—1990 гадах — адказны сакратар таварыства „Веды” ў Шклове, намеснік камандзіра роты па палітрабоце вайсковай часткі, намеснік старшыні калгаса „Ударнік” Шклоўскага раёна, намеснік дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў Шклова, сакратар парткама калгаса імя Леніна, дырэктар саўгаса „Гарадзец” Шклоўскага раёна.

У 1990 годзе Лукашэнка быў абраны дэпутатам Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь, узначальваў парламенцкую камісію па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры дзяржорганах кіравання.

У 1994 годзе абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі, кіраўнік Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

***

Сяргей Чэрачэнь зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняла 14 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Чэрачэнь нарадзіўся 8 траўня 1985 года ў Крычаве (Магілёўская вобласць). У 2008 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці „Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацый”. Паралельна вучыўся ў Інстытуце бізнес-тэхналогій „Атлант-М”.

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце cherechen.by, у 2004—2005 гадах быў старшынёй маладзёжнага грамадскага аб’яднання „Развіццё”.

З 2008 па 2017 гады працаваў кансультантам па крызісным менеджменце, распрацоўваў і ўкараняў стратэгіі развіцця, а таксама праводзіў ацэнку/аўдыт стану прадпрыемства.

Займаецца грамадскай дзейнасцю з 2016 года. У 2017-м — старшыня рады Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Дыпламатыя”.

У лістападзе 2018 года стаў старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, змяніўшы на гэтай пасадзе 83-гадовага Станіслава Шушкевіча.

З 2018 года па цяперашні час з’яўляецца дырэктарам ТАА „С58 Тэхноладжыз” — кампаніі, якая займаецца інвестыцыйнай і кансалтынгавай дзейнасцю.

***

Андрэй Дзмітрыеў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняла 14 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Дзмітрыеў нарадзіўся 12 траўня 1979 года ў Менску. У 2015 скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня), бакалаўр палітычных навук.

Сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду”.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года быў начальнікам выбарчага штаба Уладзіміра Някляева. На выбарах прэзідэнта 2015 года ўзначальваў штаб Таццяны Караткевіч, якая цяпер разам з ім з’яўляецца сустаршынёй ГА „Гавары праўду”.

***

Ганна Канапацкая зарэгістраваная кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняла 14 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Канапацкая нарадзілася 29 кастрычніка 1976 года ў Менску. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці „Правазнаўства”. Працавала дырэктарам ТАА „Грынрэй”, якое займаецца аказаннем юрыдычных паслуг.

З 1995 па 2019 гады знаходзілася ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў 2016 года стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Уваходзіла ў склад камісіі па эканамічнай палітыцы, была адказнай за падрыхтоўку змен у законы па пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

belapan.by