За мінулыя суткі ад каронавірусу ў Беларусі памерла шэсць чалавек



 Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 65.269 (155 за апошнія суткі), памерлі 474 чалавекі (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, шосты дзень трымаецца ніжэй за 200. У папярэднія суткі былі 182 новыя выпадкі і чатыры смерці.

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісана 55.799 пацыентаў (за апошнія суткі 307). Такім чынам, вылечныя больш за 85% тых, хто захварэў.

Праведзена 1.144.696 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 3.116.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

9 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што за апошні месяц колькасць інфікаваных COVID-19 знізілася ў некалькі разоў, і колькасць пнеўманій таксама. „Апошнія тыдні мы назіраем устойлівую станоўчую дынаміку. Гэта тычыцца як колькасці выяўленых выпадкаў інфікавання, так і (што найбольш важна) колькасці ўскладненых формаў захворвання. Гэта тыя пацыенты, у якіх цячэнне каронавіруснай інфекцыі ўскладняецца пнеўманіямі”, — сказаў Каранік, каментар якога паказаў тэлеканал СТВ.

Зніжэнне захворвання, паводле слоў міністра, дазваляе праводзіць зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду. „Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў без выключэння нашай краіны. Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання”, — дадаў ён.

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, цяпер няма неабходнасці ў вялікай колькасці бальніц для пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. Разам з тым ідзе праверка гатоўнасці медустаноў на выпадак другой хвалі COVID-19.

belapan.by