Гародня: як адбываецца змаганне за подпісы Валерыя Цапкалы



Гарадзенскі штаб Валерыя Цапкалы некалькі дзён спрабуе абскардзіць рашэнне па непрызнанні сапраўднымі подпісаў, сабраных у Ленінскім раёне горада.

Пра тое, чаму подпісы былі прызнаныя несапраўднымі, распавядае актывіст штаба Валерыя Цапкалы Зміцер Бандарчук:

– Увесь 421 подпіс, які трапіў пад праверку і гэтую праверку не прыйшоў, быў заблакаваны і незарэгістраваны па адной прычыне. Ва ўсіх гэтых подпісах экспертыза і камісія прызналі, што даты ў іх не былі пастаўленыя выбарнікам. Таму мы адразу пачалі працу, у нас былі толькі два дні на тое, каб гэтую інфармацыю неяк апрацаваць. Трэба было з фотаздымкаў перавесці ў нейкія базы, знайсці тэлефоны гэтых людзей, напісаць адмысловыя заявы для людзей.

На думку Зміцера Бандарчука, яго вельмі здзівіла рэакцыя простых грамадзян, якія пакідалі свае подпісы за Валерыя Цапкалу:

– Мы вельмі былі рады, што большасць людзей, каля 95 %, а можа і больш, казалі: так, гэта мой подпіс, мая дата і я ставіў сваёй рукой, і я з задавальненнем падпішу гэтую заяву, бо я лічу, што гэта нейкі падман.

Зміцер Бандарчук кажа, што нават пасля нерэгістрацыі Валерыя Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі штаба збіраюцца звяртацца ў Вярхоўны Суд, каб абскардзіць рашэнне па непрызнанні сапраўднымі подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча