Беларускі дальнабойшчык спрабаваў вывезці ў Польшчу ампулы з ботаксам
Агульная сума кантрабанды склала 2500 даляраў. Ён вёз лекі па просьбе незнаёмай жанчыны.
Падчас агляду кабіны грузавіка, які перасякаў мяжу на пераходзе Баброўнікі, cупрацоўнікі польскай мытна-падатковай службы выявілі 25 пакункаў з прэпаратам для ін’екцый. Аказалася, што гэта лекавыя сродкі для лячэння маршчын (так званы ботакс). Рынкавы кошт знойдзеных медыкаментаў складае каля 10000 злотых (прыкладна 2500 даляраў).
Кіроўца грузавіка, 36-гадовы жыхар Беларусі растлумачыў, што лекі папрасіла перавезці праз мяжу незнаёмая жанчына. Іх павінны былі забраць на адной са стаянак пад Варшавай.
За спробу кантрабанды пачата крымінальная справа. Мужчыне таксама давядзецца заплаціць грашовы штраф. Акрамя гэтага кіроўца грузавіка будзе пакараны за парушэнне палажэнняў Закона аб фармацэўтыцы, якія рэгулююць, сярод іншага, гандаль лекавымі сродкамі.
Паводле podlaskie.kas.gov.pl