Кіраўнік расейскага ўраду нагадаў пра інтэграцыю



Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Мішусцін лічыць, што Беларусі і Расеі трэба паглыбляць інтэграцыю ў рамках саюзнай дзяржавы. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам.

На думку Мішусціна, раскрыццё патэнцыялу саюзнай дамовы «дазволіць сфармаваць якасна новыя ўмовы для эканамічнага ўзаемадзеяння і ажыццяўлення буйных сумесных праектаў». Пры гэтым ён выказаў удзячнасць прэм’ер-міністру Беларусі за тое, што той ажыццявіў свой першы замежны афіцыйны візіт на новай пасадзе менавіта ў Расею.

Пра тое, што Беларусь і Расея могуць вярнуцца да абмеркавання дарожных мапаў паглыблення інтэграцыі раней заявіў беларускі амбасадар у Маскве Уладзімір Сямашка. Ён паведаміў, што з 30 дарожных мапаў 28 узгоднены цалкам, адна — напалову. Мапа, якая тычыцца адзінага рынку газу і кампенсацыі падатковага манеўру, «застаецца адкрытай».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА