Чаму ўлады Беларусі перасталі нават імітаваць выбарчы працэс?
Палітычная кампанія па выбарах прэзідэнта ў Беларусі, можна сказаць, скончылася. Цяпер афіцыйна. Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў наймацнейшых кандыдатаў, якія нечакана атрымалі падтрымку і папулярнасць сярод беларусаў. Пры ўсёй спрэчнасці фігураў экс-банкіра Віктара Бабарыкі і былога кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы, відавочна, што яны вельмі хутка з проста вядомых асобаў пераўтварыліся ў рэальных канкурэнтаў. Сакрэт поспеху абодвух – у сувязях з беларускай наменклатурай, наяўнасці фінансавай падушкі і, што самае галоўнае, разуменні таго, як трэба сябе пазіцыянаваць.
І Цапкала, і Бабарыка абралі вельмі слушную тактыку, сутнасць якой палягала на апеляцыі да новай большасці грамадства, якая прагне пераменаў, але не хоча гвалтоўных дзеянняў. Больш таго, яны абодва “спакусілі” беларускі народ прыцягальным вобразам Беларусі будучыні, у якой няма месца хамству і галечы. Збольшага прымітыўны рэкламны трук спрацаваў на фоне стомленасці беларусаў ад грубага стылю кіравання нязменнай першай асобы дзяржавы. А трыгерам для змяненняў настрояў у беларускім грамадстве стала каронавірусная пандэмія, на якую цяперашняя ўлада адрэагавала самым няўдалым спосабам з усіх магчымых.
Нерэгістрацыя фаварыта сёлетніх “выбараў” Віктара Бабарыкі была збольшага прадказальнай, бо ўлада катастрафічна баіцца моцных супернікаў. Але ўсё адно да моманту, калі Лідзія Ярмошына паставіла кропку ў пытанні, заставалася мінімальная інтрыга. Што цікава, адмова ў рэгістрацыі адбылася адзінагалосна, а форма нагадала нават не імітацыю пасяджэння незалежнага органа, якім мае быць ЦВК, а суд тройкі НКВД. Толькі ў выніку прагучала каманда не “расстраляць”, а адмовіць. Але на спадзевах тых беларусаў, якія так марылі пра мірныя і хуткія перамены, быў пастаўлены тлусты крыж. Як напісаў блогер Эдуард Пальчыс, “запрашаем усіх прадстаўнікоў новай апазіцыі запісвацца ў змагары”.
Адстутнасць прозвішча Віктара Бабарыкі ў канчатковым спісе кандыдатаў азначае, што ўлада абрала шлях на гвалтоўнае ўтрыманне лейцаў кіравання. Калі існуе хоць мінімальная пагроза электаральнай паразы, а ў выпадку Бабарыкі якраз не было перакананасці, што выбарчая машына Лідзіі Ярмошынай не пачне буксаваць у асноўны дзень галасавання, то застаецца адзіны варыянт: не думаць пра рэакцыю беларускага грамадства і асуджэнне з боку Захаду, а проста пазбавіць беларусаў надзеі на выбарчы цуд. Што праўда, рэжысёры дадзенага прадстаўлення не ўлічылі аднаго дробнага моманту. Калі краіну ў чарговы раз зневажаюць адсутнасцю выбара, гэта яшчэ сцярпець можна. А калі пазбаўляюць надзеі, то тут, як той казаў, варыянтаў няшмат. Украінскія падзеі 2013-2014 году – выдатная ілюстрацыя, што адбываецца, калі ў людзей адбіраюць веру ў цуд.