Віцебская прыхільніца Ціханоўскага ўпершыню выйшла з суда без штрафа



У судзе Кастрычніцкага раёна скончыўся разбор адміністрацыйнай справы, распачатай супраць Юліі Барсуковай, удзельніцы збору подпісаў за вылучэнне на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Святланы Ціханоўскай. Прыхільніцу “Страны для жизни” вінавацілі ў тым, што 30-га траўня яна нібыта парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, арганізаваўшы пікет з выкарыстаннем плакатаў “Свабоду Ціханоўскаму” і “Стоп таракан”.

Доказаў гэтаму ў адміністрацыйнай справе не было, хаця міліцыянты, складаючы пратаколы, далучылі да іх здымкі з вулічнай камеры відэаназірання, кажа праваабаронца Ірына Траццякова:

– Камера, якая ўвесь час трасецца, прымацавана на будынку насупраць. З яе відаць, як людзі памерам з мурашоў згортваюць намёт… Я лічу, што суддзя, як чалавек, не мог не разумець, што твару Барсуковай там няма. Але апроч таго, што ён чалавек, ён жа ў першую чаргу суддзя! А правасуддзе ў Беларусі мы разумеем, якое…

Суддзя Ілля Белaвус тройчы пераносіў судовае пасяджэнне, вяртаючы матэрыялы адміністрацыйнай справы на дапрацоўку. І ўрэшце, не знайшоўшы сведкаў правапарушэння, быў вымушаны скасаваць адміністрацыйную справу праз адсутнасць доказаў.

Юлія Барсукова такім фіналам задаволена:

– Суд завяршыўся воплескамі, што адбылося ўпершыню. Вынікам я задаволена, бо ніхто з тых людзей , што збіралі подпісы, ніхто з удзельнікаў ініцыятыўнай групы, ніхто з актывістаў нічога супрацьзаконнага не зрабіў. А тое, што справу скасавалі, варта прымяніць у дачыненні да ўсіх актывістаў.

Юлія Барсукова – адзіная, каму ўдалося давесці сваю невінаватасць паводле падзеяў 30-га траўня. Падобныя справы былі распачатыя супраць Алега Баразны, Аляксея Саламаненкі , Эдуарда Плюсніна і Аляксандра Ільінца. Усіх пакаралі штрафамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск