Сутыкненне з роднай мовай



Нядаўна ў мяне адбылася незапланаваная паездка ў вёску, якая размешчана ва ўкраінска-беларускім памежжы. Такую маленькую вандроўку мне падарыў мой хлопец – гэта радзіма яго бацькоў. Першыя словы, што парадавалі мой слых, я пачула ў аўтобусе на шляху туды. А чаму парадавалі? Калі ў паўсядзённым жыцці я часцей чую ўкраінскую і расейскую мовы, то тут я ўлавіла абрыўкі фраз на мове майго бацькі і, адпаведна, на маёй роднай мове. І вось: шыкоўныя краявіды, жывое паветра, якога ніколі не адчуеш у горадзе. І буслянкі, якія можна сустрэць амаль на кожным слупе.

На парозе невялікага, але вельмі па-гаспадарску дагледжанага дома, сустрэла бабуля і павіталася з намі практычна чысценькай беларускай мовай. Мяне вельмі здзівіў той факт, што, маючы газавую пліту, бабуля аддае перавагу гатаваць у печы. Які неверагодны водар чуўся на ўвесь двор! Пасядзеўшы за сталом з бабуляй і прыемна пагутарыўшы з ёй, мы вырашылі схадзіць на могілкі. Як жа прыемна было ісці па вёсцы і спыняцца каля кожнай хаты, каб перакінуцца двума словамі з мясцовымі жыхарамі і пачуць гэтую невымоўную красу ўкраінска-беларускага суржыку. 

Вясковыя могілкі маюць сваю адметнасць: магілы размешчаны такім чынам, што кожная сям’я мае сваё адведзенае месца, дзе не могуць быць пахаваныя нават блізкія суседзі – гэта выключна сямейны куток для памерлых. Мяне ўразіла багацце беларускіх прозвішчаў на магілах. Я думаю, што па той бок мяжы, на Гомельшчыне, ёсць такое ж багацце і ўкраінскіх прозвішчаў на магілах. 

Тое, што мяне непрыемна ўразіла: ва ўсёй гэтай вясковай прыгажосці ёсць адна сумная асаблівасць – сярод васьмідзесяці двароў рэальна жылых толькі каля сарака…

Я ўпэўнена, што ўжо з гэтых сарака ні адзін ніколі не прамяняе сваё жыццё з усёй вясковай чароўнасцю на шумнае і яркае гарадское.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ