Пра прадказальнасць выбараў



Выбары адбыліся, не паспеўшы пачацца. Пасяджэнне ЦВК паказала, што нам чакаць 9 жніўня. А нічога добрага чакаць не выпадае. Нерэгістрацыя Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы (як іх лічылі многія беларусы, кандыдатаў надзеі) паказала, якім шляхам ідзе цэнтрвыбаркам. Лідзія Ярмошына стабільна застаецца тым, кім і была дваццаць чатыры гады таму. То бок у жніўні ўсіх нас чакае чарговая элегантная перамога аднаго вядомага кандыдата. І каралева выбараў зробіць для гэтага ўсё. Чакаць адказнасці ад тых, хто лічыць галасы, не выпадае. Што да іншых зарэгістраваных кандыдатаў, то, паводле аналогіі з выбарамі 2010 года, ім прадказальна намалююць па 2-3%.

Затое лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдуукевіч, які нядаўна зняўся з выбарчай гонкі, вярнуўся зноў у выбары. Толькі ў якасці даверанай асобы саміведаецекаго. Іншага ад яго чакаць таксама не выпадала. Ягоны крок такі ж прадказальны, як паводзіны Лідзіі Міхайлаўны. Хаця, калі ўсё калі-небудзь зменіцца, то Алег Гайдукевіч будзе гаварыць, што заўжды марыў стаць даверанай асобай Цапкалы, Бабарыкі, Ціханоўскага, Мілінкевіча, Пазняка разам узятых. Але проста баяўся. А пакуль што прадказальна ён давераная асоба саміведаецекаго.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ